BE RU EN

Defense Express: Удар «Фламінга» паражае

  • 12.02.2026, 17:56

Украінскія ракеты абыходзяць расійскія СПА і РЭБ.

Сілы абароны Украіны пацвердзілі другое паспяховае прымяненне ракеты FP-5 «Фламінга», што можа сведчыць пра яе здольнасць абыходзіць расійскія СПА і РЭБ, гаворыцца ў матэрыяле Defense Express у чацвер, 12 лютага.

У паведамленні Генштаба Узброеных Сіл Украіны сказана, што «Фламінга» ўначы паразіла арсенал ГРАУ пад Котлубанню ў Валгаградскай вобласці РФ. Гэта стала другім пацверджаным выкарыстаннем украінскай ракеты пасля ўдараў у студзені па палігоне Капусцін Яр, які выкарыстоўваецца расіянамі для запуску ракет «Арэшнік».

Аналітыкі Defense Express лічаць, што ўкраінская крылатая ракета здольная эфектыўна прарываць сістэмы СПА і РЭБ, бо абодва паражаныя аб’екты павінны былі быць шчыльна абаронены.

Капусцін Яр і арсенал ГРАУ знаходзяцца ў адным расійскім рэгіёне, на адлегласці 120 км адзін ад аднаго. То бок пасля папярэдняга ўдару «Фламінга» ў Расіі не змаглі ўмацаваць сваю сістэму СПА ў Валгаградскай вобласці, падкрэсліваецца ў матэрыяле.

Паспяховае прымяненне FP-5 можа сведчыць пра важнае абнаўленне ракеты, найверагодней — інтэграцыю сістэмы TERCOM, якая дазваляе выконваць палёт на малых вышынях. Яе сутнасць у счытванні з дапамогай радыёвысотомера або спецыялізаванай РЛС рэльефу пад ракетай і яго параўнанні з эталонным «адбіткам».

Чым меншая вышыня палёту крылатай ракеты, тым лепш яна прарывае сродкі супрацьпаветранай абароны, радыёлакацыйныя станцыі яе не бачаць. Пры гэтым галоўная задача TERCOM — забяспечыць незалежную ад спадарожнікаў сістэму навігацыі, што істотна павышае ўстойлівасць ракеты да сродкаў РЭБ, тлумачаць эксперты.

12 лютага Генштаб Узброеных Сіл Украіны пацвердзіў паражэнне арсенала комплекснага захоўвання ракет, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Мінабароны РФ у Валгаградскай вобласці. Сілы абароны нанеслі ўдар па аб’екце ракетай FP-5 «Фламінга», зафіксаваныя выбухі і дэтанацыя.

5 лютага стала вядома, што ў выніку паспяховай аперацыі Сіл абароны, якая цягнулася месяц, ракетамі «Фламінга» паражаны палігон Капусцін Яр. Гэта стала першым афіцыйным пацвярджэннем прымянення «Фламінга» па тэрыторыі РФ.

Апошнія навіны