Нігерскі генерал абвясціў пра падрыхтоўку да вайны з Францыяй
- 12.02.2026, 20:16
У французскім Генштабе назвалі заявы «інфармацыйнай вайной».
Нігер праводзіць мабілізацыю для падрыхтоўкі да ўступлення ў вайну з Францыяй, — заявіў генерал Амаду Ібро, начальнік штаба кіраўніка Нігера Абдурахамана Чыані, выступаючы на мітынгу.
«Ведайце, мы ідзём на вайну з Францыяй, мы не былі ў стане вайны, цяпер мы ідзём на вайну з Францыяй», — сказаў ён (цытата паводле Jeune Afrique).
Указ аб усеагульнай мабілізацыі ў Нігеры быў прыняты на пасяджэнні савета міністраў краіны пад кіраўніцтвам Чыані ў канцы снежня мінулага года, перадае праўрадавы партал Lesahel. Паводле слоў генерала Ібро, мабілізацыя была абвешчаная для супрацьстаяння Францыі.
Jeune Afrique піша, што Нігер рэгулярна абвінавачвае Францыю ў спробах дэстабілізаваць краіну. Чыані абвінаваў прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона, а таксама лідараў Беніна і Кот-д’Івуара Патрыса Талона і Аласана Уатару ў падтрымцы «Ісламскай дзяржавы». Паводле яго слоў, менавіта гэтыя краіны стаяць за атакай на аэрапорт Ніямэя ў канцы студзеня 2026 года.
Прэс-сакратар Генеральнага штаба ўзброеных сіл Францыі палкоўнік Гійом Вернэ заявіў, што «пра французскае ўмяшанне ў Нігеры і гаворкі быць не можа». Заявы Ібро ён назваў «інфармацыйнай вайной», распачатай Нігерам, перадае Jeune Afrique.