ЗША накіруюць у Арменію больш за $13 мільярдаў інвестыцый
- 13.02.2026, 4:43
Гэта амаль палова яе гадавога ВУП.
ЗША плануюць накіраваць у Арменію інвестыцыі на суму больш за 13 мільярдаў долараў, што складае амаль палову гадавога ВУП краіны. Паводле інфармацыі Bloomberg, гэтыя сродкі павінны дапамагчы Ерэвану зменшыць шматгадовую залежнасць ад Расіі.
Падчас візіту віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса у Арменію было падпісана пагадненне аб грамадзянскім ядзерным партнёрстве. Яно прадугледжвае выдзяленне Арменіі да 9 мільярдаў долараў. Яшчэ 4 мільярды плануецца накіраваць на развіццё праектаў у сферы штучнага інтэлекту. Для армянскай эканомікі, гадавы ВУП якой складае каля 27 мільярдаў долараў, гэта беспрэцэдэнтныя сумы.
Ядзернае пагадненне адкрывае магчымасць паставак амерыканскіх атамных тэхналогій і ўдзелу кампаній ЗША ў будаўніцтве новай атамнай станцыі замест Мецаморскай АЭС, якая была ўзведзеная ў савецкі час і забяспечвае каля 40% электраэнергіі краіны. Да гэтага часу станцыя знаходзілася пад кіраваннем «Расатома», а паліва пастаўлялася з Расіі.
Візіт Вэнса стаў часткай больш шырокай барацьбы за ўплыў на Паўднёвым Каўказе — важным транспартна-энергетычным рэгіёне. Пасля Ерэвана амерыканскі віцэ-прэзідэнт наведаў Баку, дзе з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым была падпісаная Хартыя аб стратэгічным партнёрстве. Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва ў транспарце, энергетыцы, абароне і лічбавых тэхналогіях, а таксама развіццё так званага Сярэдняга калідора і праекта TRIPP — маршруту ў Нахічэвань праз тэрыторыю Арменіі.
Актывізацыя ЗША ў рэгіёне адбылася пасля падзей жніўня 2025 года, калі ў Вашынгтоне было падпісана пагадненне паміж Арменіяй і Азербайджанам, якое паклала канец шматгадоваму канфлікту вакол Нагорнага Карабаха.
Збліжэнне Арменіі з ЗША паскорылася пасля вайны пачатку 2020‑х гадоў і страты кантролю над Нагорным Карабахам. Тады Ерэван не атрымаў чаканай падтрымкі ад Расіі і партнёраў па АДКБ, пасля чаго замарозіў удзел у арганізацыі. У 2023 годзе Арменія правяла першыя сумесныя вайсковыя вучэнні з ЗША.
У жніўні 2025 года Арменія і Азербайджан дамовіліся аб рэалізацыі праекта TRIPP, які прадугледжвае будаўніцтва аўтамабільнай, чыгуначнай і нафтагазавай інфраструктуры. У студзені 2026 года кіраўнік МЗС Арменіі заявіў, што ўдзел Расіі ў гэтым праекце не прадугледжваецца.