BE RU EN

Знешні дзяржаўны доўг Расіі вырас да рэкорднага за 20 гадоў узроўню

  • 13.02.2026, 9:59

Унутраны таксама павялічваецца.

Дзяржаўны знешні доўг Расіі па стане на 1 лютага 2026 года дасягнуў $61,97 млрд. Гэта найвышэйшы паказчык за апошнія 20 гадоў, вынікае з даных расійскага Мінфіна, піша The Moscow Times.

Так, на 1 студзеня 2006 года ён складаў $76,5 млрд, але ўжо да 2007-га знізіўся да $52 млрд і ў наступныя гады не перавышаў адзнаку ў $60 млрд.

Знешні дзяржаўны доўг улічвае абавязацельствы ўрада перад нерэзідэнтамі ў замежнай валюце. Ён з'яўляецца часткай сукупнага знешняга доўгу краіны, які таксама прыпадае на банкі, дзяржаўныя і прыватныя кампаніі, а таксама розныя арганізацыі. Банк Расіі ацэньваў сукупны знешні доўг краіны на 1 студзеня 2026 года ў $319,8 млрд. Паводле даных рэгулятара, за мінулы год ён вырас на $30 млрд, або на 10,4%. На гэта паўплывалі пераацэнка абавязацельстваў з-за ўмацавання рубля, а таксама прыцягненне дадатковага даўгавога фінансавання.

Акрамя знешняга дзяржаўнага доўгу, у ўрада ёсць унутраны доўг. Паводле даных Мінфіна, за 2023–2025 гады ён павялічыўся на 13 трлн руб. і дасягнуў адзнакі ў 38,5 трлн руб. У 2026 годзе ўлады плануюць заняць яшчэ 3,98 трлн руб., у 2027-м — 3,79 трлн, а ў 2028-м — 4,57 трлн. Такім чынам, з улікам дзяржаўных гарантый за тры гады агульны ўнутраны дзяржаўны доўг павінен павялічыцца на 15,2 трлн руб., да 53,7 трлн.

Ураду даводзіцца нарошчваць дзяржаўны доўг, каб залатаць бюджэт, дэфіцыт якога ў 2025 годзе перавысіў першапачатковы план у 5 разоў і склаў 5,7 трлн руб. У бягучым годзе ўлады разлічваюць скараціць «дзірку» ў казне да 3,8 трлн руб. Пры гэтым на ўнутраным рынку Мінфін размяшчае аблігацыі на 10 гадоў пад 14–15% гадавых. У выніку выдаткі на працэнты па доўгу набліжаюцца да 1,5% ВУП, падлічвала галоўная эканамістка Альфа-банка Наталля Арлова.

Апошнія навіны