«Расіяне радаваліся, але нядоўга»
- 13.02.2026, 16:21
Міністэрства абароны Украіны правяло кібераперацыю па пошуку расійскіх Starlink.
Міністэрства абароны Украіны правяло аперацыю і сабрала даныя аб 2420 расійскіх Starlink і аб іх дакладным месцазнаходжанні. Пра гэта ведамства паведаміла ў Threads.
«Расіяне навучыліся абыходзіць блакіроўку Starlink? Яны радаваліся, але нядоўга. Бо насамрэч гэта была наша аперацыя пры ўдзеле 256-й Кіберштурмавай дывізіі. Удалося сабраць даныя аб 2420 варожых тэрміналах і іх дакладных месцах знаходжання. Акрамя таго, расіяне, якія скарысталіся ботам, яшчэ і накідалі данатаў на 5870 долараў, якія накіруюць на закуп дадатковых дронаў», — заявілі ў Міністэрстве абароны Украіны.
Там дадалі, што тэрміналы расійскіх Starlink заблакаваныя, а каардынаты перададзеныя для далейшай апрацоўкі.
Нагадаем, тэрміналы Starlink у расійскіх падраздзяленнях працавалі незаконна, бо ўвозіліся кантрабандай з іншых краін. Наладзіць іх удавалася ў тым ліку таму, што фармальна яны знаходзіліся на тэрыторыі Украіны, хоць і акупаванай.
У студзені новы кіраўнік Міністэрства абароны Украіны Міхаіл Фёдараў звярнуўся ў SpaceX з просьбай адключыць расійскія тэрміналы. Ілон Маск адказаў станоўча, і ў лік адключаных трапілі ўсе прылады, не зарэгістраваныя ва Украіне.
Адразу пасля адключэння УСУ зафіксавалі падзенне баявой актыўнасці расіян.