Reuters: Трамп цягне цэны на нафту ўніз
- 13.02.2026, 13:09
Аналітыкі чакаюць павелічэння паставак з Венесуэлы.
Цэны на нафту раніцай 13 лютага зніжаюцца і знаходзяцца на шляху да другога запар штотыднёвага падзення. Этаму паспрыяла змяншэнне асцярогаў наконт канфлікту паміж ЗША і Іранам, паведамляе Reuters.
Па дадзеных партала investing, па стане на 10:24 па кіеўскім часе ф'ючэрсы на нафту маркі Brent знізіліся на 2 цэнты — да 67,50 долара за барэль пасля падзення на 2,7% на папярэдняй сесіі. Цана на амерыканскую нафту маркі WTI ўпала на 5 цэнтаў — да 62,79 долара пасля падзення на 2,8%.
Журналісты адзначаюць, што цэны на нафту выраслі на пачатку тыдня з-за асцярогаў, што ЗША могуць атакаваць Іран. У той жа час каментары амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа 12 лютага пра тое, што Вашынгтон можа заключыць пагадненне з Тэгеранам на працягу наступнага месяца, прывялі да падзення цэн на нафту.
«Цэны на нафту знізіліся на фоне прыкмет таго, што ЗША імкнуцца атрымаць больш часу для заключэння ядзернай дамовы з Іранам, што памяншае кароткатэрміновую прэмію за геапалітычную рызыку», – адзначыў аналітык банка IG Тоні Сікамор.
Дадаткова паспрыялі патанненню нафты чаканні ніжэйшага попыту на «чорнае золата». Міжнароднае энергетычнае агенцтва ў сваім штомесячным дакладзе 12 лютага прагназавала, што сёлета рост сусветнага попыту на нафту будзе слабейшы, чым чакалася раней, а агульны аб'ём прапановы перавысіць попыт.
«Зніжэнне цэн у чацвер было ўзмоцнена раней апублікаванымі данымі пра значнае павелічэнне запасаў нафты ў ЗША і растучымі чаканнямі, што на рынак хутка можа паступіць дадатковая нафта з Венесуэлы», – дадаў Сікамор.
Эксперт таксама прагназуе павелічэнне паставак венесуэльскай нафты на рынак з 880 тысяч барэляў у суткі да прыблізна 1,2 мільёна барэляў, а міністр энергетыкі ЗША Крыс Райт прагназуе, што ў бліжэйшыя месяцы будзе прададзена венесуэльскай нафты на 5 мільярдаў долараў.