Праблемамі беларусаў у банках заняўся амбудсмен па грамадзянскіх правах Польшчы
- 13.02.2026, 13:11
Ён звярнуўся ў Камісію фінансавага нагляду Польшчы.
Амбудсмен па грамадзянскіх правах Польшчы заняўся праблемай адкрыцця банкаўскіх рахункаў. З ёй сутыкнуліся беларусы, якія падалі ў гэтай краіне заяву аб міжнароднай абароне. У Камісію фінансавага нагляду Польшчы звярнуўся намеснік амбудсмена Войцэх Бжэзоўскі, звярнула ўвагу выданне MOST.
У звароце гаворыцца, што банкі адмаўляюцца адкрываць рахункі беларусам, якія чакаюць рашэння па заяве аб міжнароднай абароне. Прасіцелі прытулку падаюць часовае пасведчанне асобы іншаземца. Але ў банках заяўляюць, што гэтага дакумента недастаткова. Акрамя таго, банкі просяць беларусаў падаць дакументы, якія пацвярджаюць даход.
Прадстаўнік амбудсмена нагадвае, што іншаземцы, якія просяць у Польшчы міжнародную абарону, не маюць іншых дакументаў, акрамя часовага пасведчання асобы іншаземца. Згодна з польскім заканадаўствам, гэты дакумент пацвярджае асобу іншаземца, пакуль працягваецца разгляд ягонай справы аб міжнароднай абароне. Акрамя таго, асоба, якая звярнулася па міжнародную абарону, не мае права працаваць на працягу паўгода з моманту падачы заявы і не можа падаць пацвярджэнне крыніцы даходу.
Многія беларусы ў гэты перыяд атрымліваюць дапамогу ад арганізацый, што падтрымліваюць рэпрэсаваных. Аднак адсутнасць банкаўскага рахунку ўскладняе атрыманне такой дапамогі.
Бжэзоўскі просіць старшыню Камісіі фінансавага нагляду выказаць сваю пазіцыю наконт такой праблемы беларусаў. Таксама ён просіць растлумачыць, як іншаземцы з часовым пасведчаннем асобы іншаземца могуць адкрыць банкаўскі рахунак у Польшчы.
Сур'ёзныя праблемы з банкаўскімі рахункамі пачаліся ў беларусаў пасля ўвядзення новага пакета фінансавых санкцый, прынятага ў кастрычніку 2025 года. Для адкрыцця рахунку банкі пачалі патрабаваць від на жыхарства. Некаторым беларусам, у якіх скончыўся від на жыхарства, пачалі блакаваць рахункі.