BE RU EN

У цягніку Віцебск — Мінск адбылося сур'ёзнае надзвычайнае здарэнне

  • 13.02.2026, 13:25

Між пасажырамі ўзнік канфлікт.

Цягнік №713 Віцебск — Мінск адправіўся ў чацвер а 15:39 і, згодна з раскладам, павінен быў прыбыць у сталіцу а 18:56, аднак у выніку затрымаўся ў дарозе, перадае тэлеграм-канал Беларускай чыгункі. Прычына — сур'ёзны канфлікт паміж пасажырамі.

Прычынай сталі «проціпраўныя дзеянні аднаго з пасажыраў».

Пазней стала вядома, што на перагоне пад Барысавам 36-гадовы жыхар Віцебскай вобласці ўдарыў нажом у шыю 45-гадовага пасажыра, перадае mlyn.by са спасылкай на УСК па Мінскай вобласці. Як высветлілася, у мужчыны быў білет на верхнюю паліцу, аднак ён заняў бакавое месца, пачаў паводзіць сябе непрыстойна: жартаваў у адрас маладой дзяўчыны, прыставаў да замежніка і піў алкаголь, разбаўляючы яго чаем.

У выніку ў яго ўзнік канфлікт з суседам. Абодва вырашылі выйсці на станцыі «Барысаў» і разабрацца на свежым паветры, але не паспелі. Жыхар Віцебскай вобласці дастаў складаны нож і ўдарыў пасажыра ў горла.

Паколькі цягнік ужо рушыў, яго спынілі ў Жодзіне. Увесь гэты час параненаму мужчыну аказвалі дапамогу іншыя пасажыры, пазней яго шпіталізавалі ў рэанімацыю гарадской бальніцы. У пацярпелага дыягнаставалі колата-рэзаную рану шыі, пашкоджаныя сонная артэрыя і яремныя вены.

Нападніка затрымалі. У дачыненні да яго ўзбудзілі крымінальную справу.

Апошнія навіны