Лукашэнка запанікаваў з-за стану войскаў
- 13.02.2026, 14:46
Дыктатара збянтэжыла ўбачанае на стрэльбах.
Аляксандр Лукашэнка «ўвачавідкі» паглядзеў 13 лютага ў межах «раптоўнай» праверкі Узброеных Сіл, наведаўшы 227-ы агульнавайсковы палігон у Барысаўскім раёне. Пра гэта паведаміла прэс-служба дыктатара.
Аляксандр Лукашэнка наведаў стрэльбішча, дзе праходзілі вучэбныя стрэльбы з гранатамёта і аўтаматычнай зброі. Планавалі выканаць вучэбныя стрэльбы з узбраення бронетранспарцёраў, але гэтую частку адклалі на потым — «густы туман унёс свае карэктывы», патлумачылі ў прэс-службе дыктатара.
Падсумоўваючы, Лукашэнка адзначыў, што «хацеў убачыць увачавідкі, наколькі войскі падрыхтаваныя да вядзення баявых дзеянняў».
— Ну, радасці няшмат, давайце так шчыра казаць. Страляюць, бачаць мішэні. Будзем лічыць, што так сабе, — сказаў дыктатар. — Хвалююцца, вядома, — «прэзідэнт» стаіць за спінай. Я разумею, што пэўнае хваляванне ёсць. Ну, так на так — дзесьці трапілі, дзесьці прамахнуліся.
У прэс-службе дыктатара падкрэслілі, што да стрэльбаў прыцягвалі «не спецыяльна падабраную каманду, а ваеннаслужачых у парадку спісу і незалежна ад тэрміну службы і досведу».
— Няхай працуюць далей. Паглядзім, як табе жыццё ўскладніць. Мы табе цяпер жыццё ўскладняць будзем. Так што не расслабляйся. Ну, а з камбатаў, вядома, скуру па-мужчынску будзем драць, — дадаў Лукашэнка, звяртаючыся да міністра абароны.