BE RU EN

Беларускія чыноўнікі сустрэліся з прадстаўнікамі кітайскай кампаніі

  • 13.02.2026, 22:41

Лукашысты «экстрэмізм» знайшлі на Aliexpress і Joom.

У студзені на маркетплэйсах Aliexpress і Joom чыноўнікі выявілі тавары, «якія маюць прыкметы экстрэмісцкай сімволікі», пра што паведамілі сілавікам. А яшчэ адбылася сустрэча з прадстаўнікамі маркетплэйсаў, паведаміла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРТ).

Працаўнікамі МАРТ у студзені «выяўлена рэалізацыя тавараў, якія маюць прыкметы экстрэмісцкай сімволікі, і атрыбутыкі» на маркетплэйсах Aliexpress і Joom. Адпаведная інфармацыя для рэагавання была накіраваная ў МУС і Мінінфарм, перадае «Зеркало».

У лютым у МАРТ адбыліся сустрэчы, у тым ліку з прадстаўнікамі Aliexpress.

«Пасля гэтага была ажыццёўленая блакіроўка картак тавараў па прадстаўленых МАРТ матэрыялах», — паведаміла ведамства.

Паводле слоў чыноўнікаў, Aliexpress і Joom ліквідавалі выяўленыя парушэнні.

Нагадаем, беларуская прававая база па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам выкарыстоўваецца для палітычных рэпрэсій і выклікае сур'ёзную заклапочанасць у экспертаў ААН.

Пры гэтым у краіне ёсць спіс з некалькіх тысяч «экстрэмісцкіх матэрыялаў», куды розныя тавары і інфармацыя трапляюць па рашэнні судоў. Аднак МАРТ пры прад'яўленні прэтэнзій выкарыстоўвае фармулёўку кшталту «інфармацыя, якая мае прыкметы экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі».

Пад гэтае вызначэнне могуць трапляць, напрыклад, тавары з гербам «Пагоня» і бела-чырвона-белым сцягам — гэтыя сімвалы самі па сабе ў Беларусі «экстрэмісцкімі» не з'яўляюцца.

Апошнія навіны