Зяленскі асабіста сустрэўся з Гераскевічам і ўручыў яму ордэн Свабоды
- 14.02.2026, 8:51
Украінскі спартсмен і яго «шолам памяці» сталі легендай Алімпіяды-2026.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у Мюнхене сустрэўся з украінскім скелетаністам Уладзіславам Гераскевічам і яго бацькам, трэнерам зборнай Украіны па скелетоне Міхаілам Гераскевічам. Кіраўнік дзяржавы ўручыў спартсмену ордэн Свабоды і падзякаваў за прынцыповую пазіцыю.
Пра гэта паведамляе Офіс Прэзідэнта Украіны.
Зяленскі адзначыў грамадзянскую пазіцыю Уладзіслава Гераскевіча і яго падтрымку Украіны на міжнароднай арэне.
«З вялікай пашанай да вас і, безумоўна, да ўсіх нашых алімпійцаў, якія падтрымалі вас, падтрымалі вашу пазіцыю. Медалі важныя для Украіны і для вас, але мне падаецца, што галоўнае — хто ты. Я лічу, што вы — асоба. І я ўпэўнены, што ўсе астатнія вынікі, якія так важныя для вас, безумоўна, будуць. І ў Украіны будуць і чэмпіёны, і алімпійцы. Галоўнае, што ёсць у Украіны, — украінцы. Вы — увасабленне такога чалавека», — сказаў прэзідэнт.
Са свайго боку Уладзіслаў Гераскевіч падзякаваў за падтрымку і падкрэсліў, што ўкраінцы аб’ядналіся супраць несправядлівасці.
«І, што самае важнае, цяпер пра гэтых спартсменаў, якія выяўленыя на гэтым шоламе, сапраўды гаворыць увесь свет. І нягледзячы на сваю гібель, яны цяпер прыцягваюць увагу да Украіны. Яны аб’ядноўваюць вакол Украіны. І гэта насамрэч нешта вельмі асаблівае», — адзначыў спартсмен.
Што папярэднічала
Як вядома, на шоламе Гераскевіча выяўлены партрэты 22 украінскіх спартсменаў, якіх забіла Расія. Атлет планаваў выйсці з ім на старт спаборніцтваў па скелетоне на Алімпійскіх гульнях-2026, у знак павагі і памяці пра украінскіх спартсменаў, якія больш ніколі не змогуць спаборнічаць з-за расійскай агрэсіі.
Аднак за некалькі гадзін да першага заезду Міжнародны алімпійскі камітэт дыскваліфікаваў Уладзіслава Гераскевіча. МОК лічыць такое афармленне экіпіроўкі парушэннем правілаў Алімпійскай хартыі і забараніў выкарыстоўваць шолам падчас стартаў і трэніровак.
«Самае важнае — мы не спрабуем парушаць нейкія правілы і быць варварамі. Мы ўсё адно будзем, нягледзячы ні на што, працягваць змагацца за свае правы», — сказаў спартсмен.
Бацька Уладзіслава і трэнер зборнай Украіны па скелетоне Міхаіл Гераскевіч таксама распавёў пра шырокую падтрымку гэтага ўчынку не толькі сярод украінцаў, але і сярод сяброў Украіны за мяжой.
«Усё, што вы зрабілі, — усё правільна. І важна, як людзі адрэагавалі. Дзякуй вам за гэта», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.