Вялікая сенсацыя на Алімпійскіх гульнях: фаварыт застаўся без медаля ў асабістым заліку
- 14.02.2026, 9:07
Вынікі вольнай праграмы ў фігурным катанні ў мужчын аказаліся вельмі нечаканымі.
У ноч з 13 на 14 лютага паводле беларускага часу прайшла адна з галоўных падзей цяперашняй Алімпіяды — вольная праграма ў мужчынскім фігурным катанні. Вынікі аказаліся вельмі нечаканымі, піша «Зеркало».
Мала хто сумняваўся, што першае асабістае алімпійскае золата ў кар'еры забярэ 21-гадовы амерыканец Ілья Малінін. «Бог чацвёрных», як празвалі фігурыста за вельмі складаныя скачкі, з саліднай перавагай выйграў кароткую праграму. А вось у вольнай дапусціў шмат памылак: сарваў другі скачок, потым двойчы ўпаў… Суддзі былі бязлітасныя да Ільі: па выніках двух дзён выступленняў ён заняў толькі восьмае месца. У выніку Малінін з'яжджае з Італіі з золатам камандных спаборніцтваў.
Тым часам 21-гадовы прадстаўнік Казахстана Міхаіл Шайдараў, нягледзячы на пятае месца ў кароткай праграме, быў бездакорны ў вольнай. Суддзі паставілі яму амаль 200 балаў, і гэтай перавагі больш чым хапіла Шайдараву для золата. Міхаіл быў другім на чэмпіянаце свету 2025 года (перамог Малінін), а цяпер заваяваў свой галоўны медаль у кар'еры з агульнай сумай балаў 291,58.
Другое месца заняў японець Юма Кагіяма (280,06), а трэцім стаў яго суайчыннік Шун Сато (274,90), які не змог стрымаць слёз — настолькі нечаканым для яго быў правал Малініна, што дазволіў самому Сато падняцца на п'едэстал.
Першы ў гісторыі фігурыст, які выканаў каскад патройны аксель — чацвёрны тулуп
Міхаілу Шайдараву 21 год. Ён — срэбраны прызёр чэмпіянату свету 2025 года і пераможца чэмпіянату чатырох кантынентаў-2025. Яго трэнер — алімпійскі чэмпіён 1994 года Аляксей Урманаў. Шайдараў стаў першым у гісторыі фігурыстам, які выканаў на спаборніцтвах каскад патройны аксель — чацвёрны тулуп, піша «Нямецкая хваля».
Раней адзінае золата ў Казахстана на зімовых Алімпіядах было ў нарвежскім Ліллехамеры ў 1994 годзе — тады лыжнік Уладзімір Смірноў перамог на дыстанцыі 50 км класічным стылем. У фігурным катанні ў зборнай Казахстана была таксама алімпійская бронза, заваяваная Дзянісам Тэнам у Сочы-2014.