BE RU EN

Трамп: Змена рэжыму ў Іране будзе найлепшым, што можа адбыцца

  • 14.02.2026, 13:17

Прэзідэнт ЗША нагадаў, што найбуйнейшы ў свеце авіяносец ужо хутка прыплыве.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заяўляе, што змена рэжыму ў Іране «была б найлепшым, што магло б здарыцца».

Пра гэта прэзідэнт ЗША сказаў пасля наведвання войскаў у Форт-Брэгу ў Паўночнай Караліне, яго цытуе Sky News.

У Трампа спыталі, ці хоча ён бачыць змену ўрада ў Іране, на што ён адказаў: «Падобна, што гэта было б найлепшым, што магло б здарыцца».

«На працягу 47 гадоў яны толькі і робяць, што гавораць, гавораць і гавораць. А пакуль яны гавораць, мы губляем шмат жыццяў. Людзі губляюць ногі, рукі, твары. Гэта доўжыцца ўжо вельмі доўга», — адзначыў прэзідэнт ЗША.

Трамп адмовіўся назваць, хто, на яго думку, павінен прыйсці на змену цяперашняму іранскаму рэжыму, сказаўшы толькі, што «ёсць людзі».

Ён таксама пацвердзіў, што найбуйнейшы ў свеце авіяносец USS Gerald R Ford накіроўваецца на Блізкі Усход на выпадак, калі перамовы паміж ЗША і Іранам не прывядуць да заключэння пагаднення.

«Калі мы не дамовімся, гэта нам спатрэбіцца. Ён неўзабаве адплыве», — сказаў Трамп.

Апошнія навіны