BE RU EN

Гарады-спадарожнікі Мінска страчваюць насельніцтва

  • 14.02.2026, 14:14

Планы ўладаў праваліліся.

Афіцыйны статус спадарожнікаў Мінска маюць шэсць гарадоў – у чатырох з іх насельніцтва, насуперак чаканням, скарачаецца. Другое дзесяцігоддзе запар складаюцца планы па развіцці гарадоў, што акаляюць Мінск, аднак прыросту насельніцтва ў большасці з іх так і не назіраецца, піша выданне «Беларусы і рынак» са спасылкай на справаздачы Нацыянальнага кадастравага агенцтва, якое аналізуе сітуацыю за 2017–2025 гады.

Найбольш людзей з Мінска планавалася прыцягнуць у Рудзенск. Тут ёсць уласная ЦЭЦ, што дазваляла спадзявацца на эканомію пры будаўніцтве новай інфраструктуры. У выніку з 2017 па 2025 гады тут наогул нічога не будавалася, адпаведна, насельніцтва толькі змяншалася натуральным чынам. На сёння Рудзенск мае званне спадарожніка сталіцы чыста фармальна, адзначае выданне.

У Лагойску з 2017 па 2025 гады былі пабудаваныя 11 шматпавярховак і 369 сядзібных дамоў, у Дзяржынску – 17 шматкватэрных дамоў і 353 сядзібы, у Заслаўі – адзін шматкватэрны дом і 370 сядзіб.

Некаторы час у гэтых гарадах назіраўся пэўны рост насельніцтва, аднак пасля ён спыніўся і пайшоў у зваротным напрамку.

У Дзяржынску колькасць жыхароў пачала змяншацца ў 2023 годзе, у Заслаўі – у 2022-м, у Лагойску яна не расла нават на старце «спадарожнікавай праграмы».

Адзіны горад-спадарожнік, які насамрэч прыцягнуў да сябе насельніцтва, – гэта Смалявічы. Тут яно за апошнія восем гадоў вырасла ў паўтара раза – да 23,7 тысячы чалавек. Таксама за гэты час тут былі пабудаваныя 25 шматкватэрных і 785 сядзібных дамоў.

Таксама насельніцтва вырасла ў шостым спадарожніку Мінска – Фаніпалі (на 17%). З 2017 па 2025 гады тут увялі ў эксплуатацыю 18 шматкватэрных дамоў і 249 сядзібных.

Апошнія навіны