У Мінску трэці дзень запар масава іскраць і спыняюцца тралейбусы
- 14.02.2026, 15:19
Толькі за раніцу 14 лютага кантактная сетка была пашкоджана шэсць разоў.
У Мінску трэці дзень запар назіраюцца збоі ў працы тралейбусаў, піша выданне «Позірк». Толькі за раніцу 14 лютага тэлеграм-канал «Мінсктранса» шэсць разоў паведамляў пра пашкоджанне кантактнай сеткі. У пятніцу, 13 лютага, такіх выпадкаў было 27, а ў чацвер — 26.
Пашкоджанне кантактнай сеткі часта выглядае як яркая ўспышка. Мінчукі масава здымаюць іх на відэа і выкладваюць у сацыяльныя сеткі.
«Мінсктранс» ужо тлумачыў прычыну. Паводле слоў намесніка кіраўніка ведамства Рамана Прановіча, «адбываецца прабой ізаляцыі на кантактнай сетцы, з-за чаго спрацоўвае абарона і ў кантактнай сетцы адключаецца напружанне».
Калі падрабязней, то вінаватая, напрыклад, соль, якой пасыпаюць дарогі, — а канкрэтна аседанне пароў дарожнага рэагента пры раставанні снегу і лёду.
Прэс-сакратарка «Мінсктранса» Алена Грамыка адзначала, што спыненні руху тралейбусаў адбываюцца праз «павышэнне тэмпературы навакольнага паветра, выпадзенне ападкаў і аседанне салянага туману на кантактную сетку».