Зяленскі прапанаваў расіянам правесці ў сябе выбары
- 14.02.2026, 17:52
У такім выпадку Узброеныя сілы Украіны спыняць агонь.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна гатовая да выбараў, калі гэта неабходна, але таксама можа абвясціць спыненне агню расіянам, калі яны правядуць у сябе выбары, паведаміў сайт New Voice.
Падчас панэльнай дыскусіі на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў суботу, 14 лютага, Зяленскі заявіў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа націснуць на расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, забяспечыць спыненне агню, а Вярхоўная Рада зменіць закон і правядзе выбары.
«Але мы таксама можам абвясціць спыненне агню расіянам, калі яны правядуць выбары ў Расіі», — сказаў Зяленскі.
11 лютага выданне Financial Times апублікавала матэрыял, у якім гаворыцца, што Украіна плануе правядзенне прэзідэнцкіх выбараў адначасова з рэферэндумам па мірнай дамове з краінай-агрэсарам Расіяй гэтай вясной на фоне патрабавання ЗША арганізаваць галасаванне да 15 мая 2026 года.
Пазней украінскія журналісты са спасылкай на крыніцу ў Офісе прэзідэнта заявілі, што правядзенне выбараў ва Украіне ў бліжэйшы час малаверагоднае, бо Расія працягвае наносіць удары, у тым ліку і па цывільным насельніцтве.