Беларусаў папярэдзілі пра неўстойлівае надвор'е
- 14.02.2026, 18:18
Маразы вяртаюцца?
Сіноптык Дзмітрый Рябоў паабяцаў у эфіры дзяржТБ з 16 па 22 лютага тыдзень неўстойлівага надвор'я ў Беларусі.
Ужо панядзелак, 16 лютага, прынясе ўзмацненне маразоў пад уплывам халоднага антыцыклону, цэнтр якога паступова змяшчаецца з поўначы Еўропы. На гэтым фоне на паўднёвым усходзе Беларусі магчымы несільны, але ўсё ж такі снег. А месцамі на дарогах краіны галалёдзіца.
«Уначы тэмпература паветра ад -10 да -17, па Віцебскай вобласці пры праясненнях слупкі тэрмометраў могуць апусціцца да -22. Удзень ад -6 па Брэсцкай вобласці да -13 па Віцебскай», — заўважыў Рябоў.
Невялікая верагоднасць ападкаў у большасці раёнаў Беларусі ў аўторак, 17 лютага. А вось слабы туман з бачнасцю да 500 метраў — цалкам рэальны, як і шэрань з галалёдзіцай. Таксама тэлесіноптык кажа:
«У начныя і ранішнія гадзіны тэмпература паветра складзе ад -9 да -16 марозу, удзень ад нуля па Брэсцкай вобласці да -13 па Віцебскай. Вецер усходні, паўночна-усходні, умераны».
У сераду праз тэрыторыю рэспублікі пройдзе вільготны атмасферны фронт з захаду Еўропы з невялікім снегам. А ў цэлым надвор'е чакаецца воблачнае з невялікімі праясненнямі.
«Тэмпература ўначы чакаецца ад -1 на паўднёвым захадзе да -13 на паўночным усходзе. Удзень халадней за ўсё будзе ў Віцебску — да -7, а цяплей у Брэсце — тут да -2», — адзначае Рябоў.
Атмасферныя франты з паўднёвага захаду Еўропы з больш вільготнымі масамі паветра чакаем у чацвер. А разам з імі — ападкі, месцамі туман, слабы галалёд, а на трасах — галалёдзіца. Што да ветру, то ён будзе паўднёвы, умераны, часам парывісты.
«У чацвер уначы тэмпература складзе ад -7 да -13. У разгар дня чакаецца ад -1 па Брэсцкай вобласці да -8 па паўночным усходзе Віцебскай», — каментуе сіноптык.
Рябоў таксама дадаў, што надвор'е ў пятніцу, 20 лютага, будзе падобнае. Хіба што ападкі чакаюцца па ўсёй тэрыторыі рэспублікі (іх будзе найбольш у Брэсцкай і Гомельскай абласцях). А вецер зменіцца на халодны — паўночна-усходні. Што да тэмпературы паветра, то яна прагназуецца ў наступных межах:
«Уначы тэмпература чакаецца ад -3 марозу на паўднёвым захадзе да -11 на паўночным усходзе, а ўдзень — ад +1 у Гомельскай вобласці да -8 у Віцебскай».
Пад уплывам атмасферных франтоў з паўднёвага захаду і з ападкамі пройдуць і выхадныя 21 і 22 лютага. У суботу — снег, у нядзелю — ён можа быць і мокры.
«Уначы тэмпература складзе ад нуля на паўднёвым усходзе да -7 на паўночным захадзе. У сярэдзіне дня ад -3 да -8, — агучыў Дзмітрый Рябоў прагноз на суботу і дадаў звесткі па нядзелі (дарэчы, апошняй зімы-2026-га): — Уначы ад -2 да -8, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны — каля нуля».