BE RU EN

Названы прадукт, які «перамог» амега-3 па эфектыўнасці

  • 14.02.2026, 18:57

На працягу шасці тыдняў здаровыя валанцёры прымалі адну з дабавак.

Навукоўцы Нотынгемскага ўніверсітэта высветлілі, што спалучэнне кефіру і сумесі прэбіётычнай клятчаткі зніжае сістэмнае запаленне больш эфектыўна, чым амега-3 або клятчатка паасобку. Работа апублікаваная ў часопісе Journal of Translational Medicine (JTM).

У даследаванні параўноўвалі тры папулярныя падыходы да падтрымання імуннага і метабалічнага здароўя: тлустыя кіслоты амега-3, прэбіётычную клятчатку і сінбіётык — камбінацыю ферментаванага кефіру і шырокага набору харчовых валокнаў. Менавіта сінбіётык прадэманстраваў найбольшае зніжэнне ўзроўняў запаленчых маркераў у крыві.

Кефір утрымлівае жывыя прабіётычныя бактэрыі і дражджы, што фармуюцца ў працэсе ферментацыі малака кефірнымі грыбкамі. У спалучэнні з разнастайнай прэбіётычнай клятчаткай узнікае так званы сінбіётычны эфект: клятчатка служыць «палівам» для карысных мікраарганізмаў, стымулюючы іх рост і выпрацоўку метабалітаў, у тым ліку буцірату. Буцірат вядомы процізапаленчым дзеяннем і здольнасцю рэгуляваць імунныя рэакцыі.

На працягу шасці тыдняў здаровыя валанцёры прымалі адну з дабавак. Удзельнікі, якія атрымлівалі сінбіётык, прадэманстравалі найбольш выяўленае зніжэнне сістэмных запаленчых бялкоў — паказчыкаў, што адлюстроўваюць узровень запалення ва ўсім арганізме, а не ў асобным органе або ачагу інфекцыі. На думку аўтараў, гэта можа сведчыць пра лепшы імунны баланс і патэнцыйнае зніжэнне рызыкі хранічных захворванняў, звязаных з запаленнем, уключаючы сардэчна-сасудзістыя і метабалічныя парушэнні.

«Нашае даследаванне паказала, што ўсе тры падыходы зніжалі запаленне, аднак сінбіётык — спалучэнне ферментаванага кефіру і разнастайнай прэбіётычнай клятчаткі — прадэманстраваў найбольш магутны і шырокі эфект», — адзначыла кіраўніца працы доктар Амрыта Віджай з Медыцынскай школы Нотынгемскага ўніверсітэта.

Паводле яе слоў, атрыманыя даныя ўказваюць на ключавую ролю ўзаемадзеяння кішачных мікраарганізмаў і харчовых валокнаў у падтрыманні імуннага і метабалічнага здароўя.

Апошнія навіны