BE RU EN

Радаслаў Сікорскі: Рэальнае пытанне — калі трэсне расійская эканоміка

  • 14.02.2026, 22:42

У Крэмля ўжо пачаліся праблемы на фронце.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падкрэсліў, што цяпер Еўропа з’яўляецца асноўным пастаўшчыком дапамогі Украіне, замяніўшы ЗША, — а таму мае поўнае права на месца за перамоўным сталом па расійска-ўкраінскай вайне.

Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта ён заявіў у суботу падчас панэльнай дыскусіі на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

Сікорскі падкрэсліў, што лідарская роля ЗША ў перамовах была б натуральнай ва ўмовах, калі ЗША былі ключавым донарам дапамогі Украіне, але за апошні год доля еўрапейскай дапамогі кардынальна ўзрасла.

«Цяпер мы плацім за гэтую вайну. Амерыканскія выдаткі на гэтую вайну за апошні год былі амаль нулявымі. Мы купляем амерыканскую зброю, якая пастаўляецца Украіне. У Кангрэсе ЗША няма ніводнага пакета дапамогі і нават перспектыў яго з’яўлення. А калі плацім мы, калі гэта датычыць таксама нашай бяспекі — не толькі бяспекі Украіны, то мы заслугоўваем месца за сталом», — падкрэсліў Радаслаў Сікорскі.

У сваім выступленні ён асобна падкрэсліў імперска-каланіяльную прыроду вайны, якую Пуцін распачаў супраць Украіны, і тое, што гэтая вайна з’яўляецца працягам усяго, што адбывалася ў мінулыя стагоддзі, — нагадаўшы пра забарону ўкраінамоўных кніг у царскай Расіі, Галадамор і знішчэнне інтэлігенцыі ў савецкія часы.

«Пуцін кажа, што хоча міру — у тым сэнсе, у якім кожны дыктатар і заваёўнік хоча міру. Калі вы здасцеся, капітулюеце — будзе мір. Але на якіх умовах? Расія можа цярпець украінскасць як нешта накшталт «правінцыйнага рускага фальклору». Але Расія — або, прынамсі, Пуцін — не можа сцярпець існаванне Украіны як нацыі з уласнай ідэнтычнасцю, гісторыяй, інтарэсамі бяспекі», — падкрэсліў Сікорскі.

«Цяпер у гэтай вайне пытанне — хто «трэсне» першым. Украінцы дэманструюць, што на фронце яны не «трашчаць». Прасоўванні Расіі — нязначныя. Гісторыя вучыць нас, што бамбардзіроўка насельніцтва тут не працуе... Таму рэальнае пытанне — калі ў Пуціна скончацца рэсурсы на вядзенне гэтай вайны і затрашчыць расійская эканоміка», — адзначыў кіраўнік МЗС Польшчы.

Апошнія навіны