У Еўракамісіі не выключылі ўступленне Украіны ў ЕС у 2027 годзе
- 15.02.2026, 4:33
Кіеў ужо зрабіў станоўчы ўнёсак у развіццё Еўропы.
Еўракамісар па пытаннях пашырэння Марта Кос заявіла, што цяперашняя метадалогія пашырэння была распрацавана «для мірнага часу» і патрабуе радыкальных змен.
Пра гэта паведаміла Кос на «Украінскім ланчы», які ў межах Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы арганізаваў фонд Віктара Пінчука, піша «Еўрапейская праўда».
Марта Кос адзначыла, што Украіна ўжо цяпер «зрабіла станоўчы ўнёсак у развіццё Еўропы», прымусіўшы ЕС пераасэнсаваць прыярытэты і, у прыватнасці, вярнула пашырэнне ў парадак дня. «Па-другое, мы зноў усвядомілі, наколькі важная бяспека ў Еўропе. Магчыма, мы пра гэта забыліся», — дадала яна.
У той жа час Марта Кос прызнала, што паводле цяперашняй нарматыўнай базы ЕС немагчыма выканаць тыя задачы, якія ставіць перад сабой Украіна.
«Метадалогія, якую мы цяпер выкарыстоўваем, створаная для міру. Яна разлічаная на часы, калі ёсць шмат часу, каб краіна магла правесці ўсе неабходныя рэформы. Швецыя, напрыклад, была найбольш развітай краінай, якая падала заяўку на сяброўства ў ЕС, — але нават Швецыі спатрэбілася тры гады», — нагадала яна.
«Такім чынам, зыходзячы з цяперашняй метадалогіі, 1 студзеня 2027 года ўступленне немагчыма.
Але мы павінны знайсці рашэнне, як пераадолець разрыў паміж дзеючай метадалогіяй і геапалітычнымі выклікамі. Мы больш не можам чакаць», — заявіла еўракамісар.
Марта Кос прызнала, што дыскусіі на гэтую тэму ўжо пачаліся, але ўстрымалася ад удакладненняў.
Яна таксама падкрэсліла, што ўступленне Украіны ў Еўрапейскі саюз варта ўспрымаць не толькі як пашырэнне, але і як геапалітычную неабходнасць. «Гэта — аб’яднанне Еўропы, і ўпершыню ў гісторыі мы маем магчымасць, калі ўсё зробім правільна, аб’яднаць Еўропу. І гэта значна больш важна, чым проста пашырэнне», — заявіла яна.