Мужчына забраўся на дах гандлёвага цэнтра ў Маладзечне
- 15.02.2026, 5:00
Яго давялося выратоўваць.
Мужчына забраўся на дах гандлёвага цэнтра ў Маладзечне, і спусціцца адтуль яму дапамаглі выратавальнікі. Пра гэта паведамілі ў МНС Беларусі.
Сігнал пра мужчыну на даху чатырохпавярховага гандлёвага цэнтра «Спутник» на вуліцы Вялікі Гасцінец у Маладзечне ў МНС паступіў з міліцыі. Па ўказаным адрасе неадкладна выехалі выратавальнікі.
На момант прыезду супрацоўнікаў МНС мужчына ўсё яшчэ знаходзіўся на даху гандлёвага цэнтра. Як і навошта ён туды забраўся, а таксама колькі часу правёў на даху да таго, як яго заўважылі, невядома, але спускаць яго ўніз на зямлю давялося выратавальнікам. Яны вывелі мужчыну праз гарышчнае памяшканне і перадалі яго работнікам хуткай дапамогі.