МЗС Расіі недвухсэнсоўна папярэдзіла Лукашэнку
- 15.02.2026, 13:11
Дыктатару параілі «захоўваць пільнасць» пры здзелках з ЗША.
У Маскве нагадалі Лукашэнку пра расійскія і кітайскія інтарэсы пры заключэнні «вялікай здзелкі» з Вашынгтонам. Намеснік кіраўніка расійскага знешнепалітычнага ведамства Міхаіл Галузін у інтэрв'ю ТАСС «па-таварыску» заклікаў Беларусь «захоўваць пільнасць» пры здзелках з ЗША.
У Галузіна спыталі, як ён можа пракаментаваць зняццё санкцый ЗША з авіякампаніі «Белавія».
Расійскі чыноўнік адказаў, што вітае выключэнне авіякампаніі «Белавія» з «чорных спісаў» Мінфіна ЗША, але адзначае, што «ў цэлым маштабны санкцыйны рэжым супраць Беларусі працягвае дзейнічаць».
Галузін заявіў, што адміністрацыя ЗША пакуль не адмаўляецца ад палітыкі ціску на Лукашэнку, і «Белы дом гатовы задзейнічаць рычагі эканамічнага ўздзеяння ў любы патрэбны яму момант».
Расійскі дыпламат заявіў, што РФ вітае «любыя канструктыўныя пачынанні ў кантэксце нармалізацыі беларуска-амерыканскага дыялогу», але пры гэтым яны «па-таварыску» заклікаюць «беларускіх сяброў захоўваць пільнасць».
Расійскі чыноўнік падкрэсліў, што «вялікая здзелка» Мінска з Вашынгтонам магчымая выключна пры «адсутнасці шкоды яго супрацоўніцтву з ключавымі саюзнікамі — Расіяй і Кітаем».