BE RU EN

«Лукашэнку паслалі сігнал, што ніякага Колі не будзе»

  • 15.02.2026, 14:16

Прыйшоў час рыхтавацца да змены ўлады ў Беларусі.

Пра сігналы для Лукашэнкі з Масквы ў каментары «Радыё Свабода» распавёў журналіст выдання The Insider Цімур Алеўскі.

У Маскве лічаць, што Беларусь стаіць на парозе перавароту. Расія пагражае адстойваць сваё права на Беларусь нават з ужываннем ядзернай зброі. Адкуль такія алармісцкія заявы і што яны азначаюць?

Служба знешняй разведкі Расіі, а следам за ёй і прадстаўніца МЗС Марыя Захарава, кажуць пра чарговыя спробы Захаду адарваць Беларусь ад Расіі.

Гучаць словы пра «геапалітычную гульню», «змовы» і нават пра неабходнасць гарантаваць бяспеку Беларусі ўсімі даступнымі сродкамі. У гэтым кантэксце Захарава згадала нават ядзерную зброю.

Цімур Алеўскі звяртае ўвагу, што СВР і Марыя Захарава — «гэта спецыфічныя актары, якія сістэмна займаюцца публічнымі правакацыямі».

«Калі яны нешта заяўляюць, вельмі часта ствараюць дымавую заслону. І да вайны, і з самага яе пачатку СВР і Захарава, асабліва калі дзейнічаюць разам, абвінавачвалі кагосьці ў тым, што збіраліся зрабіць самі. А потым самі гэта і рабілі. У СВР перад атакамі на Украіну неаднаразова абяцалі правакацыі супраць Пуціна. Перад ужываннем нейкай варварскай зброі яны казалі, што такую зброю збіраюцца ўжыць супраць Расіі і што Расія абавязкова дасць «годны адказ».

Алеўскі лічыць, што заявы СВР і Захаравай сведчаць пра тое, што яны збіраюцца зрабіць якраз тое, у чым спрабуюць абвінаваціць Захад.

«Яны кажуць, што нібыта спрабуюць абараніць Беларусь ад рэвалюцыі. Насамрэч гэта азначае наступнае: прыйшоў час рыхтавацца да змены ўлады ў Беларусі і ў ключавы момант абавязкова быць гатовымі перахапіць гэтую ўладу».

На думку Алеўскага, заявы СВР і Захаравай Лукашэнка павінен успрымаць як пагрозу.

«Беларусь з пункту гледжання Масквы — удзельнае княства. Лукашэнку яны цярпяць шмат гадоў. У 2020-м Пуцін пачаў яго ламаць, а ў 2022-м — доламаў. Але Лукашэнка працягвае паказваць, што прыкметы дзяржаўнасці ў яго яшчэ ёсць. І яны пасылаюць яму сігнал, што ніякі Коля не будзе наступным прэзідэнтам Беларусі», — сказаў Цімур Алеўскі.

Апошнія навіны