Выбітны нарвежскі лыжнік перапісаў алімпійскую гісторыю
- 15.02.2026, 15:57
Абышоў і Б'ёрндалена.
15 лютага пасля перамогі ў эстафеце Ёганэс Клэбо стаў дзевяціразовым алімпійскім чэмпіёнам. Гэта найлепшы вынік у гісторыі Зімовых Гульняў, піша «Зеркало».
На Алімпіядзе-2026 у Італіі 29-гадовы Ёганэс Клэбо ўжо заваяваў чатыры залатыя медалі. Ён быў першым у скіятлоне, індывідуальным спрынце, гонцы з раздзельным стартам на 10 км і ў мужчынскай эстафеце, дзе Клэбо бег на апошнім этапе.
Гэта трэцяя Алімпіяда ў кар'еры Ёганэса. На Гульнях у 2018-м ён тройчы стаў першым, а праз чатыры гады двойчы падняўся на вяршыню п'едэстала.
Усяго ў Клэбо ўжо дзевяць залатых медалёў. Па гэтым паказчыку нарвежац абышоў трох сваіх суайчыннікаў, якія перамагалі на Зімовых Гульнях па восем разоў. Гэта лыжнікі Б'ёрн Дэлі, Марыт Б'ёрген і біятланіст Уле Эйнар Б'ёрндален. А абсалютны рэкорд па колькасці залатых алімпійскіх медалёў належыць амерыканскаму плыўцу Майклу Фэлпсу — 23.
Дададзім, што ў праграме цяперашніх Гульняў лыжнікаў яшчэ чакаюць камандны спрынт і мас-старт на 50 км.