Пад Глускам абрынуўся дах гандлёвага цэнтра
- 15.02.2026, 16:53
На месцы здарэння працуюць супрацоўнікі МНС.
У аграгарадку Заеліца Глускага раёна на Магілёўшчыне 14 лютага абрынуўся дах гандлёвага цэнтра (ГЦ). Гэта адбылося да пачатку працоўнага дня — у будынку людзей не было. Пацярпелых няма, паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС.
Дах абрынуўся на жалезабетонныя пліты перакрыцця над уваходам у будынак. Цяпер трапіць туды можна праз запасны ўваход.
У МНС дапусцілі, што прычынай абрушэння сталі снег і зношанасць будаўнічых канструкцый.
У ведамстве нагадалі, што з-за дрэннага надвор'я цяпер на дахах будынкаў актыўна назапашваецца снег, з'яўляецца наледзь. Гэта, вядома, сур'ёзная пагроза як для жыцця і здароўя людзей, так і для канструкцый саміх пабудоў.