У лесе пад Мінскам заблукала жанчына з паўтарагадовым дзіцем
- 15.02.2026, 22:45
Іх знайшлі выратавальнікі.
У Мінскім раёне ўвечары ў нядзелю, 15 лютага, жанчына заблукала ў лесе з паўтарагадовым дзіцем. Ім дапамаглі выратавальнікі, паведамляе МНС.
Інцыдэнт адбыўся ў лясным масіве паблізу аграгарадка Хатэжына. Дыспетчары МНС атрымалі паведамленне пра яго ад міліцыі.
Далей з жанчынай падтрымлівалі сувязь па мабільным тэлефоне. Яна, як гаворыцца ў паведамленні прэс-службы, «прадыктавала свае каардынаты», і дзякуючы гэтаму іх месцазнаходжанне хутка вызначылі.
Выратавальнікі накіраваліся ў пазначаную мясцовасць прачэсваць лес пешымі групамі і неўзабаве знайшлі тых, хто заблукаў. Іх вывелі да дарогі і перадалі брыгадзе хуткай дапамогі.
Чаму жанчына з малым апынуліся ў лесе адны ў мароз і ў цёмны час сутак, не ўдакладняецца.