Трамп заявіў пра гатоўнасць падтрымаць удары Ізраіля па Іране
- 16.02.2026, 9:24
Вашынгтон можа дамовіцца пра паветраны калідор для ізраільскіх самалётаў.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагадзіўся падтрымаць удары Ізраіля па аб’ектах вытворчасці балістычных ракет у Іране, калі пагаднення паміж Вашынгтонам і Тэгеранам не будзе дасягнута. Пра гэта ён сказаў на сустрэчы з ізраільскім прэм’ер-міністрам Біньямінам Нэтаньягу, паведамілі CBS News дасведчаныя крыніцы.
Паводле іх слоў, у ваенных і разведвальных колах ЗША ўжо пачалі абмяркоўваць варыянты падтрымкі аперацыі Ізраіля. У прыватнасці, Вашынгтон можа дамовіцца з краінамі Блізкага Усходу пра паветраны калідор для ізраільскіх самалётаў, а таксама забяспечыць іх дазапраўку ў паветры. Пры гэтым, якія дзяржавы могуць даць дазвол на пралёт, пакуль невядома. Да гэтага Іярданія, Саудаўская Аравія і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты заявілі, што не дазволяць выкарыстоўваць сваю паветраную прастору для нанясення ўдараў па Іране.
Раней крыніцы The Jerusalem Post паведамілі, што ізраільскія вайскоўцы прадставілі амерыканскім калегам некалькі планаў па знішчэнні аб’ектаў па вытворчасці ракет у Іране.