ISW: контратакі ЗСУ сарвалі планы расіян
- 16.02.2026, 10:17
Адразу ў двух абласцях.
Войскі краіны-агрэсара Расіі рухаюцца павольнымі тэмпамі на фронце ва Украіне, перабольшваючы свае «дасягненні», крах украінскай абароны не прадбачыцца. Пра гэта гаворыцца ў аналізе Інстытута вывучэння вайны (ISW) ад 15 лютага.
Тыднёвыя поспехі Расіі ў перыяд з канца лістапада 2025 года да сярэдзіны лютага 2026 года значна вагаліся. Паводле ацэнак ISW, на піку свайго прасоўвання расійскія войскі захапілі 141 квадратны кіламетр за тыдзень — з 25 па 31 студзеня, але пасля прасоўванне акупантаў скарацілася да 74 квадратных кіламетраў за мінулы тыдзень (з 8 па 14 лютага).
Сілы абароны ў лістападзе і снежні вызвалілі 106 квадратных кіламетраў тэрыторый, зменшыўшы прасоўванне расійскіх войскаў на працягу некалькіх тыдняў у напрамках Харкава, Канстанцінаўкі, Пакроўска і Навапаўлаўкі. Украінскія войскі таксама вызвалілі большую частку Куп’янска і яго наваколляў у канцы снежня, і расійскія войскі страцілі кантроль над 305 квадратнымі кіламетрамі, паведамляе ISW.
Таксама аналітыкі фіксуюць паспяховыя ўкраінскія контратакі і прасоўванне Сіл абароны ў Запарожскай вобласці і на адміністрацыйнай мяжы Дніпрапятроўскай вобласці. Вайсковы назіральнік Канстанцін Машавец паведаміў аб вызваленні некалькіх невялікіх населеных пунктаў уздоўж рэк Янчур і Гайчур у напрамках Аляксандраўкі (Дніпрапятроўская вобласць) і Гуляйполя (Запарожская вобласць). Так, Сілы абароны вытэснілі расійскія войскі з Аляксееўкі і Арэстопаля, а таксама вызвалілі Данілаўку, Вішнёвае, Ягораўку, Злагоду і Рыбнае Дніпрапятроўскай вобласці.
Таксама ўкраінскія войскі вытэснілі расійскія войскі з Цярнаватога і Касаўцава Запарожскай вобласці, пераправіліся праз раку Гайчур, вызвалілі Дабраполле (Запарожская вобласць). Аналітыкі фіксуюць дэакупацыю Прылукаў і Аленаканстанцінаўкі, ідуць баі за Варвараўку. Паводле дадзеных ваенных экспертаў, украінскія контратакі амаль спынілі прасоўванне расійскіх войскаў каля Жалезнадарожнага.
У цэлым расійскія тэмпы прасоўвання на Аляксандраўскім і Гуляйпольскім напрамках практычна спыніліся з 8 лютага ў выніку паспяховых украінскіх аперацый у некалькіх вузкіх сектарах. Сілы абароны адкінулі расійскія войскі на 9—9,5 кіламетра ў некаторых раёнах.
ISW падкрэслівае, што ўкраінскія сілы не праводзяць контрнаступ, як заяўляюць расійскія вайскоўцы, ідзе гаворка пра контратакі (counterattack).