BE RU EN

Беларусы адправіліся ў лес па грыбы ў лютым

  • 16.02.2026, 12:06

Кароткая адліга дала старт росту зімовых разнавіднасцяў.

Што можа прымусіць беларусаў адправіцца ў лес гэтым лютым, суровым на маразы і шчодрым на снегапады? Не толькі цяга да палявання і лыжных прабежак па лясных апушках. У лютым лесе можна сустрэць і зацятых грыбнікоў, якім ужо не сядзіцца дома ў чаканні адкрыцця грыбнога сезона, піша Telegraf.news.

Так, адзін з актывістаў групы ў «ВКонтакте» «Грыбныя войскі Беларусі» паказаў маладую змену грыбоў, якая, нягледзячы на суровыя ўмовы надвор'я гэтай зімы, падрастае. Выбраўшыся ў лес 14 лютага, мужчына паказаў, як кароткая лютаўская адліга паўплывала на грыбную сітуацыю ў лесе.

Нягледзячы на тое, што грыбніку давялося прабірацца па лесе праз метровыя гурбы снегу, ягоная прагулка не была марнай. Мужчына наглядна паказаў, што зімой жыццё ў лесе не спыняецца, нягледзячы на трыццаціградусныя маразы — яно працягваецца пад карой дрэў, і найменшая адліга адразу спрыяе росту халадатрывальных відаў.

Зімовыя апенькі, вядомыя вучоным пад назвай фламмуліна аксамітаножкавая, вешанкі, якія здольныя замярзаць, а пры адтаванні — працягваць рост, і дэлікатэсная Tremella mesenterica Retz — дрыжалка аранжавая, за якой палююць гурманы, — такі ўражлівы «улоў» зацятага грыбніка, які адважыўся паспрабаваць шчасця ў лютаўскім лесе.

Сярод знойдзеных мужчынам грыбоў былі як «старычкі»-леташнія, так і маладзенькія грыбы. Паводле слоў аўтара відэа, калі ўмовы надвор'я будуць спрыяць, знойдзеным ім экзэмплярам спатрэбіцца яшчэ пару тыдняў, каб падрасці, і іх можна будзе смела браць у кошык.

Апошнія навіны