На дарогах Беларусі з'явіцца небяспечны «чорны лёд»
- 16.02.2026, 13:47
Што гэта такое?
Лютаўскае надвор'е рыхтуе вадзіцелям непрыемны сюрпрыз. У ДАІ Брэсцкай вобласці папярэджваюць аб падступнай з'яве — «чорным лёдзе», які ўзнікае з-за перападаў тэмпературы і робіць дарогу смяротна небяспечнай.
Люты — падступны месяц
Напрыканцы зімы маразы змяняюцца дзённым пацяпленнем, дарогі пакрываюцца талай вадой, а ўначы зноў замярзаюць.
Асноўная небяспека, паводле слоў праваахоўнікаў, у ўтварэнні надзвычай тонкай празрыстай ледзяной скарынкі на асфальце. Гэта і ёсць «чорны лёд».
«Для вадзіцеля такая дарога выглядае проста вільготнай, але насамрэч каэфіцыент счаплення шын з пакрыццём амаль зводзіцца да нуля», — тлумачаць у ДАІ.
Падманлівы выгляд падштурхоўвае вадзіцеляў да летняга стылю кіравання, што часта прыводзіць да страты кантролю над аўтамабілем.
Перш за ўсё «чорны лёд» утвараецца на мастах, пуцеправодах і эстакадах. У зоне падвышанай рызыкі таксама знаходзяцца скрыжаванні і прыпынкі грамадскага транспарту.
У нізінах, за высокімі будынкамі і пасярод ляснога масіву ледзяная скарынка можа трымацца нават тады, калі на адкрытых участках асфальт ужо сухі.
У гэты перыяд у ДАІ рэкамендуюць поўнасцю перагледзець манеру кіравання. Галоўны прынцып — выключная плыўнасць любых дзеянняў, ці то паскарэнне, тармажэнне або паварот руля.
Неабходна павялічыць дыстанцыю, тармазіць рухавіком і пазбягаць любых манеўраў на паваротах.
Асобную ўвагу варта надаць тэхнічнаму стану аўтамабіля: чысціні фар і люстэркаў, якаснай «незамярзайцы» і правільнаму ціску ў шынах. Гэтыя драбязі, паводле слоў інспектараў, і забяспечваюць агульную бяспеку.