Пуцін упёрся ў сцяну
- Кірыл Сазонаў
- 16.02.2026, 15:30
Правалы ўжо звыкла называюць жэстам добрай волі.
Акупацыя Данецкай вобласці становіцца безумоўным прыярытэтам для Крамля менавіта з палітычных прычын. Патрэбны поспех, патрэбны зразумелы для ўсяго статка вынік. Вызваленне віртуальнага, але шматпакутнага «народа Данбаса» можна прадставіць як вялікую перамогу Пуціна. Ну а правалы на іншых напрамках ужо звыкла называюць жэстам добрай волі. Праблема ў тым, што агламерацыя «Канстанцінаўка-Дружкаўка-Краматорск-Славянск» катэгарычна не дае сябе акупаваць. Трэба перакідваць рэзервы фантастычных памераў. Якіх у вольным выглядзе ў Расіі проста не існуе.
Ужо цяпер у Данецкай вобласці сканцэнтраваная асноўная маса акупацыйных войскаў. Толькі вакол Канстанцінаўкі «б’юцца цюленем аб лёд» 8-я агульнавайсковая армія і 3-і армейскі корпус. Пры гэтым у «восьмёрцы» ўжо другі або трэці склад — яны тут даўно, і страт занадта шмат. Плюс падцягнулі з іншых напрамкаў падраздзяленні 3-й, 18-й, 51-й, 49-й і 58-й армій. І гэта яшчэ не ўсё — асобных падраздзяленняў туды засунулі вельмі шмат. Яны ўсе прыходзілі часова на падмацаванне для рашучага прарыву. Ды так і засталіся. Хто ў складзе групоўкі, хто ў мяккай данецкай зямлі.
Увогуле парадокс Канстанцінаўкі ў тым, што тут не працуе звыклая для праціўніка схема. Увесь іх досвед кажа, што калі ўперліся ў нейкі населены пункт, трэба проста кідаць больш рэсурсаў, пастаянна штурмаваць — і будуць высокія страты, а потым вынік на зямлі. У выпадку з Канстанцінаўкай пакуль што выходзяць толькі высокія страты. Два гады баёў за Часаў Яр (12 тыс. насельніцтва да вайны) і прарыў ад Тарэцка да Канстанцінаўкі (15 км). На гэтым усё.
Спробы ўзяць Канстанцінаўку можна ўмоўна падзяліць на тры этапы. Першы — магутны штурм і спроба ўзяць горад двума калонамі. З боку Тарэцка і Бахмута, то-бок з поўдня і ўсходу. Не атрымалася — увязлі на ўскраіне. Потым спрабавалі акружыць горад і адрэзаць ад Дружкаўкі. Бязвынікова. Цяпер ад буйных штурмаў перайшлі да новай тактыкі інфільтрацыі малымі групамі ў глыбіню ўкраінскіх пазіцый. Але гэтыя групы, як правіла, хутка выяўляюцца і знішчаюцца. Мімікрацыя «пад цывільных» таксама не дае выніку — ЗСУ ўвогуле не вераць, калі бачаць двух мужчын у грамадзянскім з мяшкамі, што блукаюць па дарозе.
То-бок сама па сабе ідэя ісці з поўдня на поўнач ад Канстанцінаўкі да Славянска аказалася не проста доўгай у рэалізацыі, а бясконцай. Цяпер ёсць спробы наступаць на Дружкаўку з двух бакоў, каб адрэзаць абодва гарады і выйсці з поўдня да Краматорска, але... вынікаў няма. І тут расійскае камандаванне здуло пыл са старога глабальнага плана — акружыць адразу ўсю агламерацыю з чатырох гарадоў. Перарэзаць паўночней за Славянск трасу на Харкаў і другарадныя дарогі на захад ударам ад Добраполля. У бок Славянска ўздоўж трасы «Бахмут — Славянск» прасоўванне па 500 метраў на тыдзень. Ідэя з Добраполлем правалілася цалкам.
Рэзюмэ. З улікам супраціву Сіл абароны Украіны ў Данецкай вобласці, каб дасягнуць выніку ўжо не да вясны, а да восені, праціўніку трэба прынцыпова нарошчваць свае сілы ў рэгіёне. Не перакінуць дзве дывізіі, а кінуць сюды ўсё, што ёсць з іншых напрамкаў. І змагацца за агламерацыю з поўным напружаннем сіл, як за Бахмут або Аўдзееўку. Праблема ў тым, што адзін Краматорск значна большы за Бахмут і Аўдзееўку разам узятыя. І страты наступаючых будуць адпаведнымі. А аслабленне іншых напрамкаў аўтаматычна прывядзе да контрнаступу там ЗСУ. Акупанты ўпёрліся ў сцяну і цяпер нагадваюць дрэннага жанглёра, які спрабуе ўтрымаць у паветры занадта шмат шарыкаў. Ну, а дрэнны жанглёр рызыкуе ператварыцца ў добрага танцора...
Кірыл Сазноў, «Главком»