У Расіі пачалі масава закрывацца крамы дзіцячага адзення
- 16.02.2026, 16:52
На фоне падзення нараджальнасці.
Па Расіі пракацілася хваля закрыцця крам дзіцячага адзення. У студзені гэтага года ў гарадах-мільённіках па ўсёй краіне працавала каля 8100 падобных гандлёвых кропак, што на 16% менш, чым годам раней, і амаль на 25% — чым было ў 2021-м. Гэта вынікае з даных сэрвісу 2ГИС, якія прыводзяць «Ведамасці».
У прыватнасці, у Маскве за апошні год закрыліся 16% крам дзіцячага адзення, а за пяць гадоў — амаль 20%. На дадзены момант у сталіцы працуюць каля 2000 такіх кропак, піша The Moscow Times.
Пры гэтым агульная колькасць крам адзення ў Расіі за год скарацілася на 11,5% — да 34 900 кропак. Гэта ўсяго толькі на 2% менш, чым было пяць гадоў таму. Раней выданне Shopper’s пісала, што ў 2025 годзе ў Расіі спынілі працу крамы дзіцячых брэндаў Loloclo і Orby, а рытэйлер Pelican вырашыў закрыць усе свае кропкі. Паводле даных «Платформы ОФД», у цэлым продажы дзіцячых тавараў летась скараціліся на 8%, але рэалізацыя адзення і абутку падавала двузначнымі тэмпамі.
Ціск на рынак узмацняецца з-за падзення нараджальнасці. Дакладныя даныя пра колькасць нараджэнняў застаюцца недаступнымі: Расстат засакрэціў штомесячную статыстыку. Апошнія апублікаваныя звесткі сведчылі, што ў 2024 годзе ў Расіі нарадзілася 1,222 млн дзяцей — мінімум з 1999 года. У першым квартале 2025 года нараджальнасць, паводле ацэнак дэмографаў, дасягнула антырэкорднага ўзроўню за больш як 200 гадоў назіранняў.
Тым часам сумарны каэфіцыент нараджальнасці (СКН), які адлюстроўвае сярэднюю колькасць дзяцей на адну жанчыну, па выніках 2025 года знізіўся дзясяты год запар. Паводле даных Расстата, на снежань паказчык апусціўся да 1,374 супраць 1,4 годам раней. Гэта найніжэйшае значэнне з 2006 года. Нягледзячы на заклікі Пуціна адрадзіць шматдзетныя сем’і, СКН трэціх і наступных дзяцей таксама знізіўся. У снежні ён склаў 0,362 (супраць 0,376 годам раней) і апусціўся ніжэй за даваенны ўзровень (0,364 у 2021 годзе).
На пачатку свайго пятага тэрміну ў 2024 годзе Пуцін запатрабаваў давесці СКН да 1,6 да 2030 года і да 1,8 — да 2036-га. Такія мэты ўлады заклалі ў дэмаграфічную стратэгію «сямейнацэнтрызму», якую па даручэнні кіраўніка дзяржавы распрацавалі некалькі міністэрстваў і Расійская акадэмія навук. У межах стратэгіі чыноўнікі маюць намер заняцца ўмацаваннем інстытута сям’і і шлюбу, а таксама прасоўваць «традыцыйныя сямейныя каштоўнасці». Аднак пакуль у ўладаў не атрымліваецца паўплываць на дэмаграфічную сітуацыю: паводле даных ВЦІОМа, у 2025 годзе кожная пятая сям’я (18%) не планавала нараджаць дзяцей. За апошнія 20 гадоў іх доля павялічылася ў тры разы.