«Наведвальнікі здзіўляюцца»
- 16.02.2026, 17:36
Беларусы адкрылі ў Беластоку кавярню ўзбекскай кухні і прывучаюць палякаў да новых смакоў.
Беларусы адкрылі ў Беластоку кавярню ўзбекскай кухні Voha — адну з першых падобных устаноў у горадзе. Журналістка MOST пабывала там і даведалася, як польскую аўдыторыю прывучаюць да ўсходніх смакоў і чаму некаторыя традыцыі адаптавалі пад еўрапейскія звычкі.
У сярэдзіне дня за столікам абедаюць двое наведвальнікаў. Паміж сабой размаўляюць па-руску. З кухні даносіцца водар прыправаў і смажанага мяса.
— У Беластоку шмат піцэрый, бургэрных і, вядома, кебабных — палякі іх вельмі любяць. Але няшмат устаноў, дзе можна паесці якасную хатнюю ежу з нацыянальным каларытам, тым больш узбекскім, — распавядае адзін з супрацоўнікаў кавярні Юсуф (імёны суразмоўцаў змененыя).
На кожным стале ляжаць пляценыя абрусы з геаметрычным узорам. У цюркскай культуры іх называюць дастарханамі. Гэта сімвал гасціннасці і месца прыёму ежы.
— А вось узор фіранак адсылае да турэцкіх узораў, — супрацоўнік паказвае на белыя паўпразрыстыя фіранкі з блакітнавата-зялёнымі кветкамі. — Яшчэ мы замовілі карціны з відамі на Стамбул — імі ўпрыгожылі сцены.
Калі дадаць польскі кмен, то і смак у стравы будзе польскі
У меню ўключылі каля дзесяці пазіцый — гэта асноўныя стравы ўзбекскай кухні, у тым ліку манты, плоў, шашлык і самса. «Раздуваць» меню прадпрымальнікі пакуль не бачаць сэнсу. Кухараў шукаюць сярод тых, хто мае досвед працы з усходняй кухняй. Іх запрашалі з усёй Польшчы — некаторыя спецыяльна прыехалі з іншых гарадоў краіны.
Спецыі заказваюць у пэўных пастаўшчыкоў.
— Вядома, кмен можна набыць і ў краме. Але польскія прыправы адрозніваюцца ад узбекскіх. Напрыклад, кмен больш кароткі. Калі мы будзем дадаваць у стравы польскія спецыі, то і смак у іх будзе польскі, а не ўзбекскі, — тлумачыць супрацоўніца кавярні Дылдора.
Хлеб, які падаюць гасцям, выпякаюць у кавярні — яго смак адрозніваецца ад крамнага. У выхадныя, калі людзей асабліва шмат, яго пякуць кожныя дзве гадзіны
Можна есці рукамі, але наведвальнікам падаюць прыборы
Спачатку наведвальнікамі кавярні былі ў асноўным узбекі і чачэнцы, што жывуць у горадзе. Пазней пачалі прыходзіць палякі, беларусы і ўкраінцы.
— Узбекі адчуваюць сябе тут як дома — прыходзяць, размаўляюць, мы кожнага ведаем, — усміхаецца Юсуф. — Калі польскія наведвальнікі прыходзяць да нас упершыню, яны, вядома, здзіўляюцца — прывыкаюць да смаку страў. У іх прынята прыйсці ўсёй сям’ёй і замовіць усе стравы, каб па трошкі ўсё паспрабаваць.
Для пастаянных кліентаў робяць асобныя нарыхтоўкі.
— Хтосьці любіць больш вострыя манты, іншым даспадобы мякчэйшы смак. Таму мы загадзя нарыхтоўваем манты з рознай ступенню вострасці.
Чай у кавярні падаюць у піялах як камплімент госцю.
У ўзбекаў прынята есці плоў, нібы сцягваючы з талеркі, каб паспрабаваць усе пласты — рыс, мяса і гародніну. Мяса з мангала ядуць упрыкуску з марынаванай цыбуляй, якую запраўляюць цытрынай. Манты, у адрозненне ад грузінскіх хінкалі, з’ядаюцца цалкам — у іх няма сырога хвосціка.
— У нас прынята есці і плоў, і мяса, загортваючы ў лаваш — мы не карыстаемся для гэтага лыжкамі, — кажа Дылдора. — Але, вядома, мы адаптавалі падачу пад польскія рэаліі. Таму заўсёды падаём на стол прыборы.
Калі страва атрымліваецца аб’ёмнай, яе выносяць і падаюць да стала кухары-мужчыны — гэта частка мусульманскай традыцыі.
«Узбекскія стравы трэба есці гарачымі»
Кавярня свядома адмовілася ад дастаўкі страў на дом. За той час, пакуль ежа ў дарозе, яна астывае і губляе свой смак.
— Узбекскія стравы трэба есці, пакуль яны гарачыя. Якой бы смачнай ні была самса або шашлык, падчас астывання іх смаковыя ўласцівасці страчваюцца.
Калі пацяплее, супрацоўнікі кавярні мараць абсталяваць тэрасу і вынесці туды мангалы — хочуць, каб наведвальнікі маглі абедаць на вуліцы. Таксама плануюць пашыраць напрамкі кухні — крыху пазней дададуць грузінскія і турэцкія стравы.