BE RU EN

Двое беларусаў узялі ўдзел у адным з самых складаных забегаў ва Усходняй Польшчы

  • 16.02.2026, 18:29

160 кіламетраў па замёрзлым лесе.

160 кіламетраў па заснежаным лесе, абледзянелых схілах, марознай ноччу. Трасу Ultra Bladzina многія лічаць адной з самых складаных ва Усходняй Польшчы. Чарговы экстрэмальны ультрамарафон прайшоў з 13 па 14 лютага ў Кнышынскай пушчы, недалёка ад мяжы з Беларуссю.

Прайсці трасу ўдалося толькі пяці спартсменам, у тым ліку аднаму беларусу, піша Most.

Як вынікае з выніковага пратаколу, на старт дыстанцыі ў 160 кіламетраў, або 100 міль, выйшлі 26 удзельнікаў, у тым ліку двое беларусаў: Кірыл Сініца і Таццяна Кулевіч.

Большасць бегуноў сышла з трасы пасля першага круга, бо не ўклаліся ў часавы ліміт. Таццяна — адна з іх. Згодна з пратаколам, яна пераадолела 80,5 кіламетра дыстанцыі, насамрэч — на 5 кіламетраў больш: у пэўны момант яна збілася са шляху і кружыла, выбіраючыся на дарогу.

Дыстанцыю яна называе вельмі складанай праз надвор'е. Увечары 13 лютага ў лесе ляжаў мокры снег, а калі ўначы падмарозіла, пратаптаная бегунамі купістая сцежка абледзянела. Бегчы па такой было складана, ногі стамляліся, а спускі ператвараліся ў небяспечныя горкі. Таму даводзілася пастаянна глядзець пад ногі — праз гэта жанчына не заўважыла пазнаку, якая накіроўвала па маршруце, і збілася з трасы.

— Псіхалагічна вельмі моцна ціснула, калі не паспеваеш на [кантрольны пункт] не таму, што не можаш бегчы з патрэбнай хуткасцю, а таму, што траціш час на тое, што шукаеш трасу сярод лесу. [Накрывае] паніка, калі не разумееш, у які бок бегчы, — тлумачыць яна.

Вялікую частку шляху Таццяна праходзіла з іншай бегунняй, якая таксама збілася з трасы. Яны дапамагалі адна адной. Калі ў беларускі з-за марозу не вытрымаў ліхтарык, полька падзялілася з ёй сваім запасным. А калі ў той змерзлі рукі і скончылася вада, Таццяна аддала ёй пальчаткі і падзялілася сваімі запасамі.

Таццяна ўсё ж хацела б калісьці пераадолець гэтую дыстанцыю, але прызнаецца, што аддала б перавагу іншаму маршруту і больш камфортнаму надвор'ю.

Усе 160 кіламетраў дыстанцыі пераадолелі ўсяго пяць спартсменаў (усе мужчыны), у тым ліку Кірыл Сініца з Беларусі. Ён прыйшоў пятым і распавёў пра вынік і ўражанні ў сябе ў сацсетках.

— Першы круг бегчы было вельмі жорстка: вада, ноч, вельмі слізка і толькі адзін пункт харчавання на 38-м кіламетры. Брутальна. А калі а 6:11 раніцы выбег на другі круг, ужо падмарозіла — і пайшло вельмі лайтова. З'явіліся дадаткова тры пункты харчавання.

Для Кірыла гэта не першая падобная траса. У 2024 годзе яму не ўдалося фінішаваць на Ultra Bladzina — ён не паспеў на другі круг. А сёлета застаўся задаволены вынікам.

Апошнія навіны