На волю выйшла гомельская актывістка Таццяна Канэўская
- 16.02.2026, 20:30
Яна поўнасцю адбыла ўвесь тэрмін зняволення.
На волю пасля 5,5 года зняволення выйшла давераная асоба Святланы Ціханоўскай у Гомелі, вядомая ў сваім горадзе актывістка Таццяна Канэўская. Пра гэта паведаміла «Гомельская Вясна».
«Таццяна Канэўская адбыла ўвесь тэрмін зняволення. Дома яе чакаў непаўналетні сын», — паведамілі праваабаронцы.
Таццяна Канэўская — вядомая ў Гомелі актывістка. Была прадстаўніцай ініцыятывы «Рух маці 328», ініцыявала галадоўку маці, асуджаных па арт. 328 КК (Незаконны абарот наркатычных сродкаў). У 2019 годзе балатавалася на «парламенцкіх выбарах».
Жанчыну затрымалі яшчэ да дня выбараў, 6 жніўня 2020 года, і судзілі па ч. 2 арт. 293 КК (Удзел у масавых беспарадках), а таксама па арт. 292 КК (Захоп будынкаў). У маі 2021-га яе прысудзілі да шасці гадоў калоніі агульнага рэжыму, а ў студзені 2022 года змянілі рэжым на турэмны.