BE RU EN

Беларусаў шакіравалі студзеньскія жыроўкі

  • 17.02.2026, 10:32

Сумы ў студзеньскіх квітанцыях маглі быць яшчэ большымі.

Беларусы публікуюць у сацсетках сумы са студзеньскіх квітанцый за камунальныя паслугі і абураюцца, што даводзіцца шмат плаціць. Хтосьці сцвярджае, што ў параўнанні са снежнем плацёж вырас нават удвая, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Цяпер — новае нашэсце: студзеньскія маразы. У сацсетках цярпліва тлумачаць, што з-за лютых маразоў давялося больш энергіі траціць на падагрэў вады, на ацяпленне, вось і атрымаліся вялікія сумы. Аднак гэтыя аргументы не спыняюць абурэння.

«Якага хрэну так шмат за ацяпленне??? У мяне ў кватэры цяплей не стала. Я як у байцы хадзіла, так і хаджу!!! Адкуль такія шалёныя грошы за ацяпленне!?!?! Лічы, увесь рахунак складаецца з ацяплення».

«Уся камуналка за 82 м2 — 200 рублёў у мінулым месяцы, у гэтым — 315 рублёў».

«120 рублёў. Было 90».

Сумы, на якія пацяжэлі жыроўкі, розныя: у кагосьці — на 25 рублёў больш за снежаньскія, у кагосьці — на 50, сведчаць у сацсетках.

Асобна церпяць самі «дармаеды», або, кажучы чыноўніцкай мовай, — незанятыя ў эканоміцы. Ім налічваюць «эканамічна абгрунтаваныя тарыфы».

«Грамадзяне-дармаеды, як вам студзеньскія жыроўкі? Трохпакаёўка — 435 рублёў».

«Можна падумаць, без дармаедства жыроўка ў 250 рублёў — гэта вельмі танна...»

«У мяне кватэра 120 м2, і я даведалася, што я дармаедка, калі муж прыйшоў і сказаў, што нешта шмат за кватэру плаціць — амаль 600 рублёў. Пачала высвятляць, і аказалася, што я была дармаедкай, бо не скарысталася льготай па падатку на самазанятасць».

Сумы ў студзеньскіх квітанцыях маглі быць яшчэ большымі, калі б улады не адклалі планаванае падаражанне. Тарыфы на ўсе камунальныя паслугі, акрамя ацяплення і гарачай вады, павінны былі вырасці з 1 студзеня, аднак гэта перанеслі на 1 сакавіка. Тарыфы на ацяпленне і гарачую ваду павялічацца ў чэрвені.

Апошнія навіны