Літва зафіксавала дзве спробы незаконнага перасячэння мяжы з тэрыторыі Беларусі
- 17.02.2026, 11:43
Пасля 26 спакойных дзён.
У Дзень аднаўлення дзяржавы Літвы, 16 лютага, Служба аховы дзяржаўнай мяжы гэтай балтыйскай краіны прадухіліла дзве спробы мігрантаў незаконна перайсці мяжу з тэрыторыі Беларусі.
Праведзены «Позіркам» аналіз даных, якія штодня публікуе згаданае ведамства, паказаў, што гэта першы выпадак парушэння мяжы пасля 26 спакойных дзён на літоўска-беларускім ўчастку і пяты з пачатку 2026 года (1 студзеня былі спынены 3 спробы незаконнага перасячэння, 6 студзеня — 10, а 19 і 20 студзеня — па 1).
Такім чынам, за ўвесь студзень і шаснаццаць дзён лютага гэтага года Літва зафіксавала 17 спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі — у 5,1 раза менш, чым за аналагічны перыяд 2025-га (87).