Жыхароў Хойнікаў да будаўніцтва ядзернага магільніка рыхтуюць ціхцем
- 17.02.2026, 12:25
Што пра гэта вядома?
У Хойніцкім раёне ўлады праводзяць «сустрэчы» з насельніцтвам з нагоды магчымага будаўніцтва магільніка радыеактыўных адходаў БелАЭС у вёсцы Новасёлкі.
11 лютага, як піша выданне «Флагшток», такая сустрэча адбылася ў ААТ «Хойніцкі завод гідраапаратуры».
Наступная запланаваная на 19 лютага ў Паселіцкім сельвыканкаме. Такія ж мерапрыемствы плануюцца ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці і ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці.
Пры гэтым няма ніякіх публічных анансоў пра такія сустрэчы. На раённых дзяржаўных рэсурсах няма звестак, таму зацікаўленыя людзі не могуць узяць удзел у абмеркаванні. Няма ніякай інфармацыі на гэтую тэму і на сайце беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі (БелРАО).
Газета Хойніцкага райвыканкама распавяла пра першае такое абмеркаванне. Але пасля гэтага падаваць інфармацыю перастала. У тэлеграм-канале БелРАО гаворыцца, што «дыялог атрымаўся максімальна прадметным», а «пытанні былі ў лоб»:
Дзе насельніцтва гатова прыняць праект?
Чаму РФ не забірае нашы РАО?
Дзе браць дэфіцытных спецыялістаў?
Што з маніторынгам старых ПЗОД (сродкі прафесійнай абароны органаў дыхання)?
Ці стане медыцына ў рэгіёне лепшай?
Але адказы ў публікацыі не прыводзяцца. СМІ даведаліся, што на сустрэчы былі напружаныя дэбаты.