У Расіі ўзляцелі цэны на крэмацыю
- 17.02.2026, 19:25
Вайна з Украінай ударыла нават па рытуальных паслугах.
Пасля Новага года ў Расіі рэзка вырас кошт крэмацыі, у сярэднім паслуга падаражэла на 20 тысяч рублёў, піша Baza. Прадстаўнікі буйных крэматорыяў назвалі асноўнай прычынай павышэнне тарыфаў ЖКГ. Так, электраэнергія для юрыдычных асоб падаражэла на 8–12%, а газ для камунальна-побытавых патрэб — на 7–10%. Дадатковы ціск на цэны аказалі дэфіцыт запчастак для імпартных печаў і павелічэнне выдаткаў на абавязковыя сістэмы газачысткі на фоне павышанага попыту.
Найбольш крэмацыя падаражэла ў Маскве і вобласці. Рост склаў 20–45 тысяч рублёў. Напрыклад, у Нікала-Архангельскім крэматорыі (Балашыха) стандартны пакет (паслуга + урна) цяпер абыдзецца ў 80–85 тысяч рублёў супраць 45–50 тысяч восенню 2025 года. У Хованскім крэматорыі цэны выраслі на 8–10 тысяч рублёў за квартал. Павышэнне адбылося і ў рэгіёнах: у Новасібірску кошт паслугі павялічыўся ў сярэднім на 17 тысяч рублёў, у Мурманску — на 15 тысяч, у Екацярынбургу — на 1–5 тысяч.
Пры гэтым крэмацыя застаецца самым запатрабаваным спосабам пахавання ў краіне. Паводле дадзеных канала, за апошнія два гады яе выбіралі 60% тых, хто звяртаўся, а астатнія 40% аддавалі перавагу традыцыйнаму пахаванню ў зямлю. Удзельнікі рынку звязваюць рост попыту на крэмацыю з перапоўненасцю могілак, магчымасцю падпахавання урнаў без чакання санітарных тэрмінаў і зменай стаўлення грамадства да гэтага рытуалу.
Прэзідэнт Асацыяцыі крэматорыяў Аляксей Сулоеў тлумачыў рост папулярнасці крэмацыі імкненнем расіян зэканоміць з-за рэзкага росту цэн на традыцыйнае пахаванне. Паводле дадзеных Расстата, з пачатку 2022 года, на фоне вайны з Украінай, выраб труны ў Расіі падаражэў на 84%, а капанне магіл — на 51%.
У студзені–чэрвені 2025 года традыцыйныя пахаванні ў сярэднім абыходзіліся ў 30,8 тысячы рублёў — амаль на 15% даражэй, чым у першым паўгоддзі 2024-га, а крэмацыя каштавала 18,5 тысячы рублёў, падлічвалі ў «Такскоме».