BE RU EN

Reuters: Як вайна ва Украіне апусташае сталы расіян

  • 17.02.2026, 21:04

Агуркі сталі даражэйшыя за бананы.

У Расіі звычайны агурок — улюбёны інгрэдыент традыцыйных салатаў і паўсядзённых страў — раптам апынуўся ў цэнтры гучнага скандалу вакол цэн. Усяго за два месяцы, з снежня да лютага, кошт агуркоў у сярэднім па краіне падвоіўся і перавысіў 300 рас. рублёў за кілаграм, паведамляе Reuters са спасылкай на афіцыйную расійскую статыстыку.

Тым часам у сацыяльных сетках з'явіліся здымкі цэннікаў, дзе агуркі прадаюцца ў 2—3 разы даражэй за сярэдні ўзровень. У некаторых сібірскіх супермаркетах агуркі ўжо каштуюць даражэй, чым імпартныя бананы, і крамы былі вымушаныя ўвесці ліміты на колькасць тавару, які можа набыць адзін пакупнік. Адна з найбольш папулярных газет Расіі нават раздала чытачам насенне агуркоў, каб яны маглі вырошчваць гародніну дома самастойна.

«Гэтай зімой у нашых крамах з'явіўся новы «дэлікатэс» — агуркі», — заявіў лідар парламенцкай фракцыі партыі «Справядлівая Расія» Сяргей Міронаў і дадаў, што Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі патлумачыла рэзкі скачок цэн сезоннасцю — гэтак жа, як летась тлумачыла дарагоўлю бульбы.

«Тады казалі пра «залатую» бульбу, цяпер — пра «пазалочаныя» агуркі. Што рабіць людзям? Проста змірыцца з тым, што яны не могуць дазволіць сабе самыя базавыя прадукты харчавання?» — спытаў дэпутат краіны-акупанта.

Расійскія палітыкі паспрабавалі супакоіць насельніцтва, заявіўшы, што цэны знізяцца. Нават прапанавалі ўраду ўвесці абмежаванні на гандлёвыя нацэнкі для рознічных сетак на базавыя прадукты харчавання. Антыманапольная служба Расіі таксама не засталася ўбаку і накіравала вытворцам і рытэйларам запыты з патрабаваннем растлумачыць прычыны павышэння цэн.

«Агуркавы крызіс» — не ізаляваная з’ява. З пачатку 2025 года агульны ўзровень спажывецкіх цэн у Расіі вырас на 2,1% — часткова з-за павышэння ПДВ, якое ўступіла ў сілу з 1 студзеня. Цэнтральны банк Расіі прагназуе гадавую інфляцыю на ўзроўні да 5,5% у 2026 годзе.

Жыхары Расіі скардзяцца адразу на некалькі рэзка павялічаных артыкулаў выдаткаў:

камунальныя тарыфы;

бензін;

прадукты ў супермаркетах;

рэстаранныя рахункі.

Усё гэта адбываецца на фоне чатырох гадоў поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, якая падрывае эканоміку Расіі: міжнародныя санкцыі, адток капіталу і кваліфікаваных кадраў, а таксама рост ваенных выдаткаў паступова звужаюць магчымасці для падтрыманання ўзроўню жыцця насельніцтва. Эканоміка Расіі запавольваецца, і «агуркавы крызіс» стаў толькі чарговым, і вельмі наглядным, індыкатарам гэтага працэсу.

Апошнія навіны