BE RU EN

Абураныя беларусы прымусілі Лукашэнку даць заднюю

  • 17.02.2026, 21:46

Дыктатар раптам заявіў, што не патрабаваў ад чыноўнікаў пагружаць Мінск у цемру.

Аляксандр Лукашэнка, які 3 лютага загадаў чыноўнікам эканоміць на вулічным асвятленні, застаўся незадаволены тым, як яго даручэнне выканалі ў Мінску. Сваім меркаваннем па гэтым пытанні ён чарговы раз падзяліўся 17 лютага, прымаючы справаздачу ўрада за 2025 год, перадае «Зеркало».

Дыктатар падкрэсліў, што яго даручэнне ўзяліся выконваць надта р’яна.

— Сказаў: «разбярыцеся», дык яны ўзялі і святло выключылі позна ўвечары, і Мінск пагрузілі ў цемру. Навошта? Я ж ад вас гэтага не патрабаваў, — абурыўся Лукашэнка.

— Вы заўсёды кажаце рабіць акуратна, прыгожа, — адказаў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў.

— Дык дзе ж прыгожа?! І ўсё на «прэзідэнта» абрынулася. Я ўжо дадому прыходжу, малы (згодна з кантэкстам, ідзе гаворка пра малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі Колю. — Заўв. рэд.) уключае гэта, — паведаміў Лукашэнка, не ўдакладніўшы, што «гэта» яму ўключыў «малы».

Паводле слоў узурпатара, далей у яго з «малым» адбыўся наступны дыялог:

— Ну навошта табе гэта трэба было? — запытаў «малы».

— Што трэба было? — удакладніў Лукашэнка.

— Вось Украіна, вось Беларусь. Дзве дзіркі ў свеце. Цемра, — папракнуў узурпатара неназваны суразмоўца.

Лукашэнка заявіў, што пасля таго як улады адкатзілі эксперымент з асвятленнем, нехта ў сетцы назваў яго «фраерам», які «адступіў».

— Я ні наступаў, ні адступаў. Дык да якой пары гэта будзе працягвацца?!

— Мы стараемся, таварыш… — прашаптаў Снапкоў.

— А ты не старайся! Дай вынік.

— Мы зробім, — запэўніў Снапкоў.

Нагадаем, Лукашэнка 3 лютага загадаў чыноўнікам эканоміць на вулічным асвятленні — паводле яго слоў, святло павінна выключацца а сёмай раніцы, а запальвацца а васьмі вечара.

«Колькі мы трацім грошай!» — абураўся узурпатар.

Чыноўнікі кінуліся выконваць — і 4 лютага Мінск літаральна пагрузіўся ў цемру. Скаргаў было вельмі шмат.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што не разумее, чаму цемра можа дастаўляць людзям нязручнасці.

— На 15 хвілін ці нават на 10 святло раней выключыў — Божа мой, з Украінай параўналі! Дзесяць хвілін! А ніхто не палічыў, што гэтыя 10–15 хвілін, як Уладзімір Яўгенавіч [Кухараў] кажа, за год даюць па кошце тры малачна-таварныя комплексы і сем прафілакторыяў для цялят, як модна цяпер казаць. Але самае галоўнае: з 1 лютага (я падпісаў указ) — павышэнне пенсій. Няшмат, на 10%, але павысілі пенсіі ў гэтых умовах пенсіянерам. Калі за год узяць гэтую эканомію [на вулічным асвятленні], то гэта практычна гэта павышэнне. Дзесяць хвілін пацярпець, — заявіў дыктатар.

Тым не менш улады адкатылі эксперымент са святлом, прыслухаўшыся да людзей.

Апошнія навіны