Вядомы блогер з Беларусі падмануў расіян
- 17.02.2026, 22:49
Яны збіраюцца падаць калектыўны пазоў.
Дзесяткі чалавек абвінавацілі блогера Дзіму Ермузевіча, які пачынаў кар'еру ў Беларусі, у махлярстве.
Пра гэта піша канал «Астярожна, навіны», які належыць расійскай прапагандыстцы Ксеніі Сабчак.
Высветлілася, што інфлюэнсер прадаў свой курс фатаграфіі пад выглядам анлайн-універсітэта без афіцыйнай ліцэнзіі. Так сцвярджаюць пацярпелыя.
Медыя Сабчак выслухала гісторыю расіянкі, якая праходзіла анлайн-курс фатаграфіі з кастрычніка да канца снежня 2025-га і заплаціла за яго амаль 85 000 ₽ (каля 3150). Усяго ў чаце было каля 60 студэнтаў.
Падчас рэкламнага эфіру Ермузевіч, паводле слоў вучняў, сцвярджаў, што праект атрымаў ліцэнзію і афіцыйна лічыцца анлайн-універсітэтам.
«Мы можам выдаваць сертыфікат, гэта значыць, паўнавартасна даём прафесію, правяралі ўсю праграму. Вы праходзіце анлайн-універсітэт, а не проста курс», – заяўляў блогер.
Цяпер эфір выдалены, а замест паўнавартаснага сертыфіката студэнтам у агульны чат даслалі выявы, зробленыя ў Фоташопе.
Сцвярджаецца, што на іх няма пячаткі, подпісу і нумара ліцэнзіі.
У адказ на скаргі ад расіян куратар курса заявіў, што дзяржаўнай акрэдытацыі ў праграмы дагэтуль няма, а студэнтам нібыта не абяцалі дакументы дзяржаўнага ўзору.
Ермузевічу накіравалі перадсудовую прэтэнзію. Жанчыне адказалі, што паслугі былі «інфармацыйна-кансультацыйныя», а не адукацыйныя, таму ліцэнзія курсу не патрэбная. Грошы за навучанне вяртаць адмовіліся.
Каля 20 пацярпелых напісалі скаргу ў Распатрэбнагляд. Яны збіраюцца падаць калектыўны пазоў у суд і скаргу ў пракуратуру.
Дзіма Ермузевіч нарадзіўся ў Гомелі ў 1998 годзе. Там жа скончыў музычную школу.
Пачаўшы блогерскую кар'еру на YouTube у 2011-м, ён хутка заваяваў папулярнасць, пераехаў у Мінск, вучыўся рэжысуры. Цяпер вядомы як прафесійны фатограф, стваральнік шоу і музычных трэкаў.