«Лукавяць і вязуць у Расію»: Лукашэнка зладзіў істэрыку з-за агуркоў і памідораў
- 18.02.2026, 10:22
На прэм'ер-міністра і яго намесніка дыктатару данёс КДК.
Падчас учарашняй справаздачы ўрада за 2025 год перад Лукашэнкам кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў паскардзіўся, што далёка не ва ўсіх беларускіх крамах у міжсезонне ёсць свежыя агуркі і памідоры айчыннай вытворчасці. Іншыя члены ўрада патлумачылі гэта тым, што беларускія вытворцы ахвотней прадаюць сваю прадукцыю ў суседнюю Расію, дзе цэны на свежую гародніну на пачатку года рэзка падскочылі, піша «Тэлеграф».
Нягледзячы на тое, што першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снопкаў далажыў дыктатару, што скаргаў на насычэнне ўнутранага рынку харчовымі таварамі няма, кіраўнік КДК з ім часткова не пагадзіўся. На пасяджэнні ён агучыў аператыўныя даныя ранішняй праверкі, праведзенай у чатырох абласцях краіны, якая выявіла праблему са свежай гароднінай.
«З 44 аб'ектаў, якія паглядзелі зранку, у 14 не было нашых агуркоў і ў 14 — нашых памідораў», — адрапартаваў Герасімаў.
У сваю чаргу Лукашэнка звярнуў увагу на рост цэн на свежую гародніну. Паводле яго слоў, у студзені памідоры ў Беларусі падаражэлі на 11%, агуркі — на 6,6% і нават соль — на 5,3%.
«У нас што, солі не хапае?» — абурыўся дыктатар.
Віцэ-прэм'ер Снопкаў на гэтае «заўвагу» прызнаў, што цэны на беларускія агуркі крыху перавысілі ўстаноўленую ўрадам мяжу і звязаў гэта з сітуацыяй на харчовым рынку суседняй Расіі.
«Інфляцыю даў расійскі рынак, таму што на дадзены момант ёсць недахоп, з аднаго боку; з другога боку, і я прасіў КДК і ФПБ, каб яны ўключыліся не ў розніцу, а да нашых цяпліц, якія цяпер лукавяць і вязуць агурок у Расію, таму што там цэннік большы», — патлумачыў Снопкаў, падкрэсліўшы, што на факты недахопу свежай гародніны ў асобных рэгіёнах улады «рэагуюць адразу ж».
У сваю чаргу прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын запэўніў, што ў Беларусі патрэба ў свежым агурку ўласнай вытворчасці ў міжсезонне, паводле афіцыйнай статыстыкі цяплічнай вытворчасці, забяспечаная «больш як на 140%», таму ёсць магчымасць нават прадаваць частку на экспарт.
Аднак дыктатар запатрабаваў «арыентавацца не на статыстычныя даныя, а на рэальную сітуацыю на месцах».