BE RU EN

Расія і Украіна аднавілі перамовы ў Жэневе

  • 18.02.2026, 12:42

Пасля паведамленняў СМІ пра «палітычны тупік».

У Жэневе пачаўся новы раўнд перамоў дэлегацый Расіі, ЗША і Украіны, паведамляе ў сераду, 18 лютага, «Нямецкая хваля».

Расійскую дэлегацыю, як і 17 лютага, узначальвае памочнік прэзідэнта РФ Уладзімір Мядзінскі. У яе склад увайшлі таксама намеснік кіраўніка МЗС Міхаіл Галузін і начальнік Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генштаба Узброеных Сіл РФ Ігар Кастюкоў.

У дэлегацыю Кіева — акрамя сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (РНБО) Рустэма Умерава — уваходзяць кіраўнік офіса Уладзіміра Зяленскага Кірыл Буданаў, намеснік Сяргей Кісліца, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Вадзім Скібіцкі, а таксама начальнік Генштаба Узброеных Сіл Украіны Андрэй Гнатаў і кіраўнік фракцыі кіроўнай партыі «Слуга народа» Давід Арахамія.

СМІ: Палітычная частка перамоў «зайшла ў тупік»

Палітычная частка мірных перамоў 17 лютага па вайне ва Украіне «зайшла ў тупік», паведаміў журналіст амерыканскага партала Axios Барак Равід са спасылкай на дзве крыніцы. Паводле іх, прычынай правалу ў гэтым напрамку сталі пазіцыі, прадстаўленыя Мядзінскім. Падрабязнасцяў аб заявах Мядзінскага суразмоўцы Равіда не прывялі.

Пра тое, што перамовы «былі вельмі напружанымі», заявіла крыніца агенцтва «Інтэрфакс» у расійскай перамоўнай групе. Пры гэтым, паводле яго слоў, дыялог ішоў як у трохбаковым, так і ў двухбаковым фарматах.

Пры гэтым спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стывен Уіткоф, які таксама прысутнічаў на сустрэчы 17 лютага, па яе выніках заявіў пра дасягненне «значнага прагрэсу». «Абодва бакі дамовіліся праінфармаваць сваіх лідараў і працягнуць працу над заключэннем пагаднення», — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацсетцы X.

Зяленскі даручыў «падняць пытанне» пра сустрэчу з Пуціным у Жэневе

У інтэрв’ю выданню Axios па выніках першага дня перамоў у Жэневе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў і Вашынгтон дамовіліся вынесці на рэферэндум ва Украіне любое мірнае пагадненне. Пры гэтым, паводле яго слоў, грамадзяне краіны адхіляць пагадненне, калі яно будзе прадугледжваць вывад з Данбаса толькі падраздзяленняў ЗСУ без аналагічнага адводa арміі Расіі. Яны таксама не падтрымаюць перадачу ўсяго рэгіёна Расіі. Каля 10% яго тэрыторыі па-ранейшаму кантралюе Украіна.

У сувязі з гэтым прэзідэнт Украіны назваў сустрэчу з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным лепшым спосабам дасягнуць прарыву ў вырашэнні тэрытарыяльнага пытання. Таму, паводле слоў Зяленскага, ён даручыў сваёй перамоўнай камандзе падняць пытанне пра сустрэчу двух лідараў у Жэневе.

Раней прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў заяўляў, што сустрэча Пуціна і Зяленскага магчымая толькі ў Маскве. У адказ кіраўнік Украіны адзначаў, што «не можа прыбыць на перамовы» ў Маскву, але гатовы сустрэцца з Пуціным у любой краіне, апроч Расіі і Беларусі.

Апошнія навіны