У Віцебскай вобласці затрыманыя два кіраўнікі лясной гаспадаркі
- 18.02.2026, 12:57
Лукашысты кралі драўніну з дзяржаўнага прадпрыемства.
У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі заявілі пра затрыманне групы асоб за крадзеж дзелавой драўніны з прадпрыемства, якое ўваходзіць у сістэму лясной гаспадаркі Віцебскай вобласці. Сярод васьмі затрыманых апынуліся два кіраўнікі.
Паводле інфармацыі супрацоўнікаў аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭП) Віцебшчыны, крадзеж дзелавой драўніны дзяржаўнага прадпрыемства пачаўся ў верасні мінулага года. Лесаматэрыялы незаконна прадавалі прыватным кампаніям. Усяго ў злачынную схему, паводле МУС, былі ўцягнутыя восем чалавек, у тым ліку двое кіраўнікоў. Усіх іх на дадзены момант затрымалі.
Агульную суму прададзенай на бок драўніны (а гэта не менш за 500 кубаметраў сыравіны) папярэдне ацанілі прыкладна ў 65 тысяч рублёў, распавёў начальнік АБЭП Кастрычніцкага РАУС Віцебска Максім Бараноўскі.
У дачыненні да затрыманых фігурантаў справы Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за «крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі». Па гэтым артыкуле затрыманым можа пагражаць да 12 гадоў пазбаўлення волі.