Politico: Германія надасць новыя шырокія паўнамоцтвы сваёй знешняй разведцы
- 18.02.2026, 13:23
Для правядзення наступальных аперацый.
Германія робіць захады дзеля ўмацавання сваёй знешняй разведкі, імкнучыся надаць ёй новыя шырокія паўнамоцтвы ў рамках падрыхтоўкі да магчымога разрыву адносін з ЗША.
Пра гэта гаворыцца ў публікацыі Politico.
Гэты план з'явіўся на фоне росту занепакоенасці сярод лідараў Германіі і іншых еўрапейскіх краін тым, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа спыніць абмен разведданымі, ад якога ў значнай ступені залежыць Еўропа, або скарыстаць гэтую залежнасць у сваіх інтарэсах.
Паводле меркавання афіцыйных асоб у Берліне, гэтак жа як еўрапейскія краіны павінны радыкальна ўзмацніць свае ўзброеныя сілы, каб атрымаць вялікшую аўтаномію, так і разведвальны апарат Германіі павінен стаць значна больш эфектыўным.
«Мы хочам і надалей цесна супрацоўнічаць з амерыканцамі. Але калі прэзідэнт [ЗША], хто б ім ні быў, вырашыць у будучыні дзейнічаць самастойна, без еўрапейцаў... то мы павінны быць гатовыя стаяць на ўласных нагах», – заявіў Politico Марк Генрыхман, старшыня спецыяльнай камісіі ў нямецкім Бундэстагу, якая кантралюе дзейнасць разведвальных службаў краіны.
Нямецкія лідары лічаць, што гэтая патрэба стала асабліва надзённай у іх краіне, дзе знешняя разведка мае значна больш юрыдычных абмежаванняў, чым разведвальныя службы ў іншых краінах.
Як паведамляецца ў публікацыі, канцлер Фрыдрых Мерц хоча ўзмацніць і зняць абмежаванні з знешняй разведкі краіны, надаўшы ёй значна больш шырокія паўнамоцтвы для ажыццяўлення дыверсійных актаў, правядзення наступальных кібераперацый і больш агрэсіўнага шпіянажу.
Нямецкая Федэральная разведвальная служба (BND) у цяперашні час падпарадкавана строгаму механізму парламенцкага кантролю. Яе паўнамоцтвы абмяжоўваюцца збіраннем і аналізам разведвальнай інфармацыі. Агенты не маюць юрыдычных паўнамоцтваў умешвацца дзеля прадухілення патэнцыйных пагроз.
Такія абмежаванні больш не з'яўляюцца апраўданымі, асабліва з улікам пагрозы расійскіх дыверсій, заяўляюць нямецкія чыноўнікі.
У выніку слабасці разведкі Германія ў значнай ступені абапіраецца на сакрэтныя аперацыі ЗША для прадухілення запланаваных атак. Напрыклад, ЗША папярэдзілі пра расійскі замах на жыццё генеральнага дырэктара Rheinmetall і пра замах на атаку ізраільскага пасольства ў Берліне.
Як адзначаецца, у Германіі былі шакаваныя, калі Вашынгтон часова спыніў абмен разведданымі з Украінай у сакавіку мінулага года, каб аказаць ціск на Кіеў падчас мірных перамоў з Расіяй.
Гэты эпізод паказаў, што адміністрацыя Трампа гатовая выкарыстоўваць дамінаванне ЗША ў зборы разведвальных дадзеных, каб аказваць ціск на саюзнікаў. Праз некалькі месяцаў Мерц паабяцаў істотна павялічыць магчымасці BND.
У прыватнасці, урад Мерца павялічыў бюджэт BND да 1,51 млрд еўра сёлета. Канцлер таксама імкнецца паслабіць правілы абароны дадзеных, якія распаўсюджваюцца на BND, дазволіўшы выкарыстанне штучнага інтэлекту і распазнавання твараў.
Канцлерская канцылярыя спадзяецца вынесці поўны пакет прапанаваных рэформаў на галасаванне ў парламент да восені.