Ганна Гуськова выйшла ў фінал па лыжнай акрабатыцы на Алімпіядзе
- 18.02.2026, 13:52
Беларуска, якая ў 2020 годзе выступіла за сумленныя выбары, працягвае барацьбу за медалі.
У першай спробе Ганна Гуськова паказала вынік 88,29, у другой — 82,73. У залік ідзе найлепшы вынік, Гуськова ў кваліфікацыі заняла 8‑е месца.
У фінал выйшлі 12 найлепшых. У канадкі Марыён Тэно, што заняла першае месца ў кваліфікацыі, — 108,61 бала, у трэцяга месца — 90,22.
Анастасія Андрыянава — 16-я, Ганна Дэруга — 17-я, і ў фінал не трапілі.
Фінал пачнецца а 15 гадзіне па мінскім часе.
Спачатку 12 фрыстайлістак вызначаць шасцёрку найлепшых, якія потым разыграюць медалі.
Беларускія фрыстайлісты бралі медалі на ўсіх Зімовых Алімпіядах, пачынаючы з 1998 года. Ганна Гуськова заваявала на Алімпіядзе‑2018 золата, у 2022 годзе — срэбра.
Беларуская зборная па фрыстайле адной з першых у спорце адрэагавала на падзеі жніўня 2020 года. Ужо праз дзесяць дзён пасля выбараў спартсмены падпісалі зварот з патрабаваннем правесці паўторныя сумленныя выбары і спыніць гвалт. Сярод падпісантаў была і Ганна Гуськова.