Сыбіга: Мы верым у еўрапейскую будучыню беларускага народа
- 18.02.2026, 14:47
Кіраўнік МЗС Украіны заявіў пра падтрымку дэмакратычнай Беларусі пасля падзення рэжыму Лукашэнкі.
Уведзеныя Украінай санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і яго рэжыму з'яўляюцца «дарэчным, неабходным і адэкватным адказам на гібрыдныя пагрозы і пагрозы бяспецы», якія ён стварае для Украіны і астатняй Еўропы, заявіў у сацсетцы X міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга.
Паводле яго слоў, рэжым Лукашэнкі з'яўляецца «саўдзельнікам злачынства агрэсіі Расіі супраць Украіны».
«Ён прадаставіў сваю тэрыторыю для нападу і працягвае дапамагаць Маскве ў яе генацыднай вайне супраць Украіны — рэсурсамі, кампанентамі, матэрыяламі, абыходам санкцый і нават сістэмай рэтрансляцыйных станцый для кіравання ўдарнымі беспілотнікамі», — адзначыў украінскі міністр.
Кіраўнік МЗС заклікаў краіны-партнёры пайсці за прыкладам Украіны і зрабіць так, каб Лукашэнка «падвергнуўся адэкватнаму ціску за свае злачынствы, учыненыя сумесна з Пуціным, за ўціск беларускага народа і за пазбаўленне пакаленняў беларусаў магчымасцяў і будучыні».
«Мы верым у еўрапейскую будучыню беларускага народа пасля вызвалення ад рэпрэсіўнага кіравання Лукашэнкі. У будучыні мы будзем гатовыя прыняць дэмакратычную Беларусь у фармаце Люблінскага трыкутніка разам з Польшчай і Літвой», — падкрэсліў Сыбіга.
Беларусь належыць Еўропе, а не «рускаму свету», — падкрэсліў ён.