Як маленькая малпачка знайшла суцяшэнне ў плюшавай цаццы
- 18.02.2026, 16:23
Кранальнае відэа з японскага заапарка.
Маляня японскай макакі па мянушцы Панч у японскім заапарку Іцікава ў прэфектуры Чыба на ўсход ад Токіа маці кінула адразу пасля нараджэння. Плюшавы арангутан замяніў маляню маці, а неўзабаве ў сетцы з’явілася відэа, у якім Панча вычэсвае іншая малпа.
Відэа пра пакінутае маляня малпы Панча распаўсюджваецца ў сацсетках. Японскае выданне The Mainichi распавяло гісторыю малпачкі, якая знайшла суцяшэнне ў плюшавай цаццы.
6-месячны самец японскай макакі Панч жыве ў вальеры «Малпавая гара». Ён нарадзіўся 26 ліпеня 2025 года з вагой 500 грамаў, а знясіленая родамі самка ў летнюю спёку не праявіла да яго ніякай цікавасці. Пасля таго як яго кінула маці, маляня выкормлівалі з рук малаком супрацоўнікі заапарка.
24‑гадовы даглядчык Косуке Шыкано распавёў, што малыя малпы пачынаюць чапляцца за шэрсць маці неўзабаве пасля нараджэння, каб адчуваць камфорт і нарошчваць цягліцы. Паколькі ў Панча такой магчымасці не было, яму спрабавалі даваць заменнікі, у прыватнасці скручаныя ручнікі і розныя мяккія цацкі. Найбольш маляню спадабаўся плюшавы арангутан.
«З‑за шэрсці мяккай цацкі яго было лёгка схапіць, а ягоны выгляд таксама падобны да малпавага, што, верагодна, давала адчуванне бяспекі», — патлумачыў Шыкано.
Калі даглядчыкі сыходзілі з заапарка на ноч, Панч прыціскаўся да плюшавай малпы, каб заснуць. Арангутан фактычна стаў для яго сурогатнай маці.