Венгрыя спыніла экспарт дызельнага паліва ва Украіну
- 18.02.2026, 16:46
Урад Орбана патрабуе аднаўлення працы нафтаправода «Дружба».
Венгрыя спыніла экспарт дызельнага паліва ва Украіну і не плануе яго аднаўляць, пакуль не будзе адноўлена падача нафты па магістральным нафтаправодзе «Дружба». Пра гэта падчас свайго выступлення заявіў міністр замежных спраў Венгрыі Петер Сіярто, піша Index.
Паводле яго слоў, спыненне паставак дызельнага паліва стала прамым вынікам спынення транзіту расійскай нафты.
«Пастаўкі дызельнага паліва ва Украіну не адновяцца, пакуль украінцы не адновяць транспартаванне сырой нафты па нафтаправодзе «Дружба», — сказаў венгерскі дыпламат.
У той жа час Сіярто адзначыў, што Венгрыя адыгрывала важную ролю ў забеспячэнні Украіны энергарэсурсамі, у прыватнасці газам, электраэнергіяй і дызельным палівам. Таму рашэнне аб спыненні экспарту дызельнага паліва ён назваў адказам на сітуацыю з транзітам нафты.
Міністр дадаў, што Венгрыя «забяспечыла ўласную энергетычную бяспеку». Краіна мае запасы больш як на тры месяцы і працуе над альтэрнатыўнымі маршрутамі паставак нафты, у прыватнасці марскімі.
«Венгрыя і Славакія таксама карыстаюцца магчымасцю, прадастаўленай рашэннем Еўрапейскага саюза, згодна з якім як Венгрыя, так і Славакія могуць імпартаваць расійскую сырую нафту марскім шляхам да аднаўлення трубаправоднага транспарту», — дадаў Сіярто.
Паводле яго слоў, новы лагістычны маршрут цяпер ствараецца, а першыя аб’ёмы нафты, набытыя для марскога транспартавання, могуць паступіць у Венгрыю ўжо да сярэдзіны сакавіка.